ҽ

Папа падчас агульнай аўдыенцыі. Ілюстрацыйнае фота Папа падчас агульнай аўдыенцыі. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: чалавек малітвы мае ў саюзніках Уваскрослага Хрыста

Не саромецца адчуваць патрэбу ў малітве, - заклікаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 9 снежня 2020 г. у фармаце відэатрансляцыі з Апостальскага палацу ў Ватыкане

У катэхезе Пантыфік заўважыў, што хрысціянская малітва – цалкам “чалавечая”: яна ўключае ў сябе праслаўленне і просьбы. Малітвай “Ойча наш” Езус вучыў апосталаў адносінам сыноўскага даверу да Бога і мужнасці звяртацца да Яго са сваімі патрэбамі.

Спасылаючыся на Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, Францішак падкрэсліў, што ў малітоўных просьбах ёсць іерархія: у першую чаргу, мы просім аб надыходзе Нябеснага Валадарства, а затым аб усім неабходным для яго прыняцця і спрыяння яму.

“Але ў малітве “Ойча наш” мы молімся таксама аб найбольш простых і будзённых дарах, такіх як “штодзённы хлеб”: аб здароўі, доме, працы; а таксама аб Эўхарыстыі, неабходнай для жыцця ў Хрысце. Молімся аб прабачэнні грахоў, а значыць аб міры ў нашых адносінах. І нарэшце аб тым, каб Бог дапамог нам у час спакус і збавіў ад злога”, - нагадаў Пантыфік.

Паводле Святога Айца, прасіць – гэта вельмі па-чалавечы. Аднак, часам нам здаецца, што нам нічога не патрэбна, нам дастаткова саміх сябе. “Але раней ці пазней гэта ілюзія знікае. Чалавек – гэта вокліч, які часам ператвараецца ў крык, нярэдка нямы. Душа падобная на засохлую, спрагнёную зямлю. Мы ўсе адчуваем, у той ці іншы момант нашага жыцця, хандру і самотнасць. Біблія не саромеецца паказаць чалавечы стан, пазначаны хваробай, несправядлівасцю, здрадай сяброў ці пагрозай з боку ворагаў. Часам здаецца, што ўсё рухне, што ўсё жыццё было марным. У такіх сітуацыях, якія здаюцца безвыходнымі, ёсць адно выйсце: крык, малітва: “Пане, дапамажы мне!”. Малітва адкрывае шчыліны святла сярод самай непрагляднай цемры”, - сказаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што разам з чалавекам моліцца ўвесь сусвет, аб чым апостал Павел кажа: “Мы ж ведаем, што ўсё стварэнне разам стогне і нараджае ў пакутах ажно да цяперашняга часу. І не толькі яно, але і мы самі, якія маем пачатак Духа, і мы ў сабе стогнем, чакаючы ўсынаўлення, адкуплення цела нашага” (Рым 8, 22-24). “У нас адгукаецца разнастайнае маленне стварэнняў: дрэваў, гор, жывёл… Усё прагне спаўнення”, - дадаў Папа.

Францішак заклікаў не саромецца жадання маліцца, асабліва калі знаходзімся ў патрэбе. “Просьбам спадарожнічае прыняцце нашых абмежаванняў і нашага стану стварэння. Можна нават не дасягнуць веры ў Бога, але складана не верыць у малітву: яна проста існуе, яна ўзнікае ў нас як крык. І мы ўсе павінны лічыцца з унутраным голасам, які, магчыма, маўчыць на працягу доўгага часу, але аднойчы прабуджаецца і пачынае гучаць”, - сцвердзіў Святы Айцец. 

Бог абавязкова адкажа на малітоўныя просьбы чалавека. Біблія паўтарае гэта бясконцую колькасць разоў: Пан чуе крык тых, хто Яго кліча, нават нашы ціха прамоўленыя просьбы, нават тыя, якія застаюцца ў глыбіні сэрца, якія саромеемся выказаць… “Нават смерць дрыжыць, калі хрысціянін моліцца, бо ведае, што кожны чалавек малітвы мае саюзніка, мацнейшага за яе: Уваскрослага Пана”, - сказаў Францішак.

Падсумоўваючы катэхезу, Святы Айцец заклікаў вучыцца жыць у чаканні Пана, Які прыходзіць да нас штодзённа, а не толькі на вялікія святы, хоць вельмі часта мы не разумеем, што Ён побач, што Ён стаіць ля нашых дзвярэй і чакае нас.
 

09 снежня 2020, 13:02