ҽ

Францішак падчас выступлення ў ААН. Ілюстрацыйнае фота Францішак падчас выступлення ў ААН. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак у Twitter заклікаў да абароны правоў чалавека

Папа прымеркаваў адмысловы твіт Дню правоў чалавека. 10 снежня 1948 г. Генеральная Асамблея Арганізацыі Аб’яднаных Нацый прыняла Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека.

“Усе пакліканы мужна і рашуча ўносіць свой уклад у павагу да асноўных правоў кожнага чалавека, асабліва людзей “нябачных”: многіх галодных і прагнучых, голых, хворых, іншаземцаў і зняволеных”, - напісаў Пантыфік 10 снежня 2020 г. у Twitter.

Сёлета тэма Дня правоў чалавека звязана з пандэміяй COVID-19 і арыентавана на неабходнасць у больш эфектыўным аднаўленні праз гарантаванне цэнтральнай ролі правоў чалавека ў мерапрыемствах, якія ажыццяўляюцца ў гэтай галіне, - гаворыцца на афіцыйным сайце ААН. Мы дасягнём агульных глабальных мэт толькі ў тым выпадку, калі зможам стварыць роўныя магчымасці для ўсіх, ліквідаваць недахопы, выяўленыя пандэміяй.

Падчас агульнай аўдыенцыі 12 жніўня 2020 г. Францішак нагадаў, што неад’емнасць годнасці чалавека, створанага паводле вобразу Бога, падкрэсліў Другі Ватыканскі Сабор, а выразам гэтага прынцыпу ў сучаснай культуры стала Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека. “Гэта абноўленае ўсведамленне годнасці кожнага чалавека мае сур’ёзныя сацыяльныя, эканамічныя і палітычныя наступствы”, - адзначыў Папа.

Успрыманне іншага чалавека і ўсяго стварэння як дару Айцоўскай любові выклікае праяўленне ўвагі, клопату і захаплення; стаўленне да бліжняга як да брата становіцца крыніцай спагады і спачування; сузіранне наваколля ў святле веры дапамагае развіваць уласную крэатыўнасць і энтузіязм, каб вырашаць драматычныя сітуацыі гісторыі. Чалавек пачынае ўспрымаць і развіваць свае здольнасці ў святле адказнасці як Божыя дары, прызначаныя на служэнне чалавецтву і стварэнню, - патлумачыў Францішак.
 

10 снежня 2020, 11:29