Пантыфік: чаканне Пана з даверам напаўняе спакоем і мужнасцю
Францішак заўважыў, што ў першую нядзелю Адвэнта пачынаецца новы літургічны год. Касцёл пазначае ім бег часу праз святкаванне галоўных падзей жыцця Езуса і гісторыі збаўлення. Робячы гэта, ён, як Маці, “асвятляе шлях нашага жыцця, падтрымлівае нас у штодзённых клопатах і скіроўвае да апошняй сустрэчы з Хрыстом”.
Святы Айцец падкрэсліў, што Адвэнт з’яўляецца часам чакання і надзеі, які падрыхтоўвае нас да “аб’яўленне Пана”, што “прыйдзе напрыканцы свету і прыходзіць кожны дзень, каб, дзякуючы Яго ласцы, мы маглі рабіць дабро ў нашым жыцці і жыцці іншых”.
Францішак заўважыў, што “жыццё складаецца з узлётаў і падзенняў, святла і цемры” і “кожны з нас перажывае хвіліны расчаравання, паразы і разгубленасці”. “Сітуацыя, якую перажываем, пазначаная пандэміяй, стварае ў многіх людзях заклапочанасць, страх і трывогу; мы рызыкуем паддацца песімізму, закрытасці і апатыі. Як мы павінны рэагаваць на ўсё гэта? – Гэта нам падказвае псальміст: “Душа наша чакае Пана: Ён – дапамога і абарона наша. Радуецца ў Ім нашае сэрца” (Пс 32, 20-21). Чаканне Пана з даверам дапамагае знайсці суцяшэнне і адвагу ў цёмныя моманты жыцця”, - дадаў Папа.
Святы Айцец нагадаў, што адвага і давер нараджаюцца з надзеі. “Адвэнт – гэта няспынны заклік да надзеі: ён нагадвае нам, што Бог прысутнічае ў гісторыі, каб весці яе да сваёй галоўнай мэты і паўнаты, якой з’яўляецца Езус Хрыстус. Бог прысутнічае ў гісторыі чалавецтва, з’яўляецца “Богам з намі”, які крочыць поруч, каб падтрымліваць нас. Пан ніколі не пакідае нас; суправаджае нас у жыццёвых сітуацыях, каб дапамагаць адкрыць сэнс пілігрымавання, значэнне штодзённасці, каб напоўніць нас адвагай у выпрабаваннях і цярпеннях. Пасярод жыццёвых бураў, Бог заўсёды працягвае нам руку і вызваляе ад пагрозаў”, - сказаў Папа.
“Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя, жанчына чакання, суправаджае нашы крокі ў гэтым новым літургічным годзе, які пачынаем, і дапаможа нам споўніць заданне вучняў Езуса, указанае апосталам Пятром: даць адказ кожнаму, хто патрабуе ад нас слова пра нашу надзею”, - закончыў сваё разважанне Пантыфік.