ҽ

Папа: лепшы спосаб малітвы – адкрытасць па прыкладзе Марыі

Малітва вучыць разумець, што кожны дзень – гэта пакліканне, і адкрываць сэрцы на волю Пана, - адзначыў Папа. 18 лістапада 2020 г., падчас агульнай аўдыенцыі ён заклікаў наследаваць прыклад малітоўнага жыцця Марыі.

На пачатку катэхезы Францішак нагадаў, што Найсвяцейшая Панна была простай і невядомай свету дзяўчынай, заручанай з мужам з дому Давіда. Ужо ў той час Яна шмат малілася.

“Мы можам уявіць дзяўчыну з Назарэта, засяроджаную ў цішыні, у няспынным дыялогу з Богам, які хутка даручыць Ёй сваю місію. Марыя ўжо была поўнай ласкі і беззаганнай ад зачацця, але яшчэ не ведала нічога аб сваім дзівосным і надзвычайным пакліканні і бурлівым моры, якое павінна будзе пераадолець”, - заўважыў Пантыфік.

Марыя належыць да вялікага шэрагу тых пакорных сэрцам людзей, якіх афіцыйныя летапісцы не ўключаюць у свае кнігі, але з дапамогай якіх Бог падрыхтаваў прыйсце свайго Сына. Калі арханёл Габрыэль прывітаў Марыю ў Назарэце, яна малілася. Яна заўсёды давярала Пану і была гатовая выканаць Яго волю. На думку Францішка, няма лепшага спосабу малітвы, чым адкрытасць па прыкладзе Марыі.

“Колькі вернікаў жывуць малітвай менавіта такім чынам! Самыя пакорныя сэрцам моляцца так, з грунтоўнай, простай пакорай: “Пане, няхай будзе тое, чаго хочаш Ты, калі хочаш Ты і як хочаш Ты”. Не абураючыся з прычыны таго, што дні напоўнены праблемамі, але выходзячы насустрач рэальнасці і ведаючы, што ў пакорнай любові, якую дорым у кожнай сітуацыі, мы становімся прыладай Божай ласкі”, - сказаў Святы Айцец.

Папа заўважыў, што малітва можа перамяніць неспакой у адкрытасць. Падчас Звеставання Марыя здолела перамагчы свой страх, нават ведаючы, што Яе “так” прывядзе да цяжкіх выпрабаванняў. “Калі ў малітве мы зразумеем, што кожны дзень, дадзены Богам – гэта пакліканне, зможам адкрыць свае сэрцы і прымаць усё”, - дадаў Францішак.

Пантыфік падкрэсліў таксама, што Найсвяцейшая Панна суправаджала малітвай усё жыццё Езуса і першыя крокі Касцёла. Яна малілася з вучнямі, якія прайшлі праз абсурд крыжа; малілася з Пятром, які паддаўся страху і плакаў у пакаянні; знаходзілася сярод мужчын і жанчын, якіх Яе Сын паклікаў да фарміравання Яго Супольнасць. Марыя малілася з імі і за іх і, дзякуючы сіле Святога Духа, стала не толькі Маці Бога, але і Маці Касцёла.

“У Панне Марыі натуральная жаночая інтуіцыя была ўзвышана дзякуючы Яе надзвычайнай еднасці з Богам у малітве. Таму, калі чытаем Евангелле, можа часам здавацца, што Яна знікае толькі для таго, каб зноў аб’явіцца ў вызначальныя моманты: гэта голас Бога накіроўваў Яе сэрца і крокі туды, дзе была патрэбна Яе прысутнасць. Прысутнасць Маці і Вучаніцы…”, - сказаў Пантыфік.

Папа нагадаў словы з Евангелля св. Лукі: “Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім”. “Усё тое, што адбывалася вакол Яе, у канчатковым выніку адлюстроўвалася ў глыбіні Яе сэрца: дні, поўныя радасці, а таксама самыя цёмныя моманты, калі Яна з усіх сіл імкнулася зразумець, якімі шляхамі павінна ісці Адкупленне”, - заўважыў Пантыфік.

“Нехта параўнаў сэрца Марыі з жамчужынай выключнай прыгажосці, сфармаванай і адпаліраванай цярплівым прыняццем Божай волі праз таямніцы Езуса, якія разважала ў малітве. Было б добра і нам стаць крыху падобнымі на нашу Маці, з сэрцамі, адкрытымі на Божае слова, з сэрцамі маўклівымі, паслухмянымі, здольнымі прымаць Божае слова, дазваляючы яму прарастаць, як зерню дабра”, - падзяліўся сваімі думкамі ў канцы катэзезы Францішак.
 

18 лістапада 2020, 11:59