ҽ

Пантыфік: у малітве хрысціянін занураецца ў таямніцу Бога

Жывы агонь Духа Святога дае Касцёлу сілу для сведчання і місіі, - нагадаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 25 лістапада 2020 г. прайшла ў форме відэатрансляцыі з Ватыкана.

Францішак прысвяціў сваю катэхезу ролі малітвы ў жыцці ранняга Касцёла. Ён заўважыў, што менавіта малітва вызначала першыя крокі старажытнай хрысціянскай супольнасці. Першыя хрысціяне знаходзілі ў малітоўных сустрэчах аснову і імпульс для місіянерскай дзейнасці. Іх прыклад застаецца актуальным і для нас.

Папа нагадаў словы з кнігі Дзеяў Апосталаў: “Яны трывалі ў вучэнні Апосталаў і ў супольнасці, у ламанні хлеба і ў малітвах” (Дз 2, 42). Тут можна ўбачыць чатыры галоўныя рысы касцёльнага жыцця: слухаць вучэнне, захоўваць еднасць, дзяліцца хлебам, дзяліцца малітвай.

“Яны нагадваюць нам, што існаванне Касцёла мае сэнс тады, калі ён застаецца моцна з’яднаным з Хрыстом: у супольнасці, Яго слове, Эўхарыстыі і малітве. (...) Прапаведаванне і катэхеза сведчаць аб словах і жэстах Настаўніка; пастаянны пошук братэрскай еднасці абараняе ад эгаізму і адасобленасці; дзяленне хлебам здзяйсняе сакрамэнт прысутнасці Езуса між намі (...). І нарэшце малітва, якая з’яўляецца прасторай дыялогу з Айцом, праз Хрыста ў Духу Святым”, - сказаў Пантыфік.

Паводле Папы, усё тое, што ў Касцёле ўзрастае па-за гэтымі “каардынатамі”, пазбаўлена фундаменту: гэта як дом, пабудаваны на пяску (пар. Мц 7, 24-27). Францішак заўважыў, што менавіта Бог будуе Касцёл, а не мітуслівая чалавечая дзейнасць – слова Езуса напаўняе сэнсам нашы намаганні.

Святы Айцец прызнаўся, што яму становіцца смутна, калі перамены ў Касцёле ажыццяўляюцца па прынцыпе палітычнай ці партыйнай сістэмы, шляхам большасці галасоў. Патрэбна ж жыццё ў супольнасці, малітва, Эўхарыстыя… адкрытасць на дзеянне Духа Святога.

“Чытаючы кнігу Дзеяў Апосталаў мы заўважаем, наколькі моцным рухавіком евангелізацыі былі малітоўныя сустрэчы. Іх удзельнікі самі адчувалі прысутнасць Езуса і дзеянне Духа. Члены першай хрысціянскай супольнасці – гэта актуальна заўсёды, таксама для нас сёння – разумелі, што гісторыя сустрэчы з Езусам не завяршылася з Унебаўшэсцем, але працягваецца ў іх жыцці. Калі яны распавядалі пра тое, што казаў і рабіў Пан, калі маліліся аб уваходзе ў адзінства з Ім, усё ажывала”, - заўважыў Францішак.

Папа працытаваў Катэхізіс, дзе сказана, што Дух Святы, Настаўнік хрысціянскай малітвы, скіроўвае Касцёл да жывой малітвы і дапамагае яму ўсё глыбей уваходзіць у кантэмпляцыю і з’яднанне з неспасцігальнай таямніцай Хрыста. “Вось, што робіць Дух у Касцёле: нагадвае пра Езуса”, - сцвердзіў ён.

“Хрысціяне, ідучы па місійных сцежках, памятаюць пра Езуса і нагадваюць пра Яго; і ад Яго, ад Яго Духа атрымліваюць “штуршок”, каб крочыць, абвяшчаць, служыць. У малітве хрысціянін занураецца ў таямніцу Бога, Які любіць кожнага чалавека і жадае, каб Евангелле прапаведавалася ўсім. Бог – з’яўляецца Богам усіх, а ў Езусе быў канчаткова зруйнаваны кожны мур падзелу: як кажа св. Павел, Ён – спакой наш, “які ўчыніў адно і другое адзіным” (Эф 2, 14).”, - звярнуў увагу Пантыфік.

Паводле Папы, “рытм жыцця ранняга Касцёла вызначаўся паслядоўнасцю цэлебрацый, сходаў, супольнай і асабістай малітвы”. “Дух даваў сілу прапаведнікам, якія выходзілі ў падарожжа, і якія з любові да Езуса пераадольвалі моры, не скараліся перад небяспекай, зносілі прыніжэнні”, - дадаў Святы Айцец.

“Бог дорыць любоў і просіць аб любові. Гэта містычны корань усяго жыцця верніка. Першыя хрысціяне, але і ўсе мы, хто нарадзіўся на шмат стагоддзяў пазней, у малітве перажываем той жа досвед. Дух ажыўляе ўсё. І хрысціянін, які не баіцца прысвячаць час на малітву, можа падпісацца пад словамі апостала Паўла: “Што цяпер жыву ў целе, то жыву вераю ў Сына Божага, Які палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне” (Гал 2, 20). Толькі ў цішыні адарацыі мы адчуваем усю праўду гэтых слоў... Гэта жывы агонь Духа дае сілу сведчанню і місіі”, - сказаў на заканчэнне катэхезы Святы Айцец.
 

25 лістапада 2020, 11:28