ҽ

Кс. Майкл МакГіўні Кс. Майкл МакГіўні 

Святы Айцец: наследаваць прыклад заснавальніка “Рыцараў Калумба”

Францішак нагадаў, што 31 кастрычніка 2020 г. у ЗША адбылася беатыфікацыя кс. Майкла МакГіўні, дыяцэзіяльнага святара і заснавальніка каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Рыцары Калумба”.

“Займаючыся евангелізацыяй, ён не шкадаваў сябе, спяшаючыся на дапамогу патрабуючым, спрыяючы ўзаемнай падтрымцы. Няхай яго прыклад стымулюе ўсіх нас усё больш і больш сведчыць аб Евангеллі міласэрнай любові”, - сказаў Пантыфік пасля малітвы “Анёл Панскі”, якая 1 лістапада 2020 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

Майкл МакГіўні нарадзіўся ў 1852 г. у амерыканскім Уотэрбэры, у сям’і ірландскіх імігрантаў, і быў першым з 13-ці дзяцей. У выніку ён стаў вельмі вядомай постаццю ў Каталіцкім Касцёле ЗША XIX ст. У 2008 г. Бэнэдыкт XVI абвясціў яго Слугой Божым, а 27 мая 2020 г. Францішак ухваліў Дэкрэт аб прызнанні цуду, які адбыўся ў 2015 г. праз заступніцтва гэтага святара.

“Рыцары Калумба” (Knights of Columbus) – гэта міжнародная арганізацыя мужчын-католікаў. Яны працуюць у многіх краінах свету і аб’ядноўваюць у сваіх шэрагах каля 2 млн чалавек. Іх прынцыпамі з’яўляюцца міласэрнасць, адзінства, братэрства і патрыятызм.
 

01 лістапада 2020, 13:52