ҽ

Пантыфік: любоў – пацвярджэнне сапраўднай малітвы

Дзейнасці вернікаў у свеце павінна папярэднічаць малітва, інакш яны рызыкуюць займацца ліхаманкавай мітуснёй без мэты, - падкрэсліў Святы Айцец.

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 7 кастрычніка 2020 г. прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI, Папа працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны малітве. Ён звярнуў увагу вернікаў на адну з самых яскравых постацяў Святога Пісання – прарока Іллю.

Францішак заўважыў, што ў Бібліі Ілля з’явіўся і знік “таямнічым чынам”. Ён паходзіў з невядомай маленькай вёскі, а быў забраны на неба на вогненай калясніцы: быў чалавекам без дакладнага паходжання, і без яснага канца, вяртання якога чакалі перад прыйсцем Месіі.

“Святое Пісанне паказвае нам Іллю як чалавека крыштальна чыстай веры: само яго імя, якое можа азначаць “Яхвэ – гэта Бог”, змяшчае ў сабе таямніцу яго місіі. Такім ён застаўся на ўсё жыццё: чалавекам сумленным, няздольным на дробязныя кампамісы. Яго сімвал – агонь, вобраз ачышчальнай моцы Бога. Ён першы падвергнуўся цяжкому выпрабаванню і застаўся верным. Ён з’яўляецца прыкладам усіх людзей веры, якія зведалі спакусы і пакуты, але не здрадзілі ідэалу, для якога нарадзіліся”, - сказаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што малітва была “жыццядайным сокам”, якім сілкаваўся Ілля. Па гэтай прычыне ён стаў адной з самых улюбёных постацяў у манаскай традыцыі. Але нават нягледзячы на тое, што Ілля быў Божым чалавекам, які абараняў першаснасць Найвышэйшага, таксама і ён быў вымушаны лічыцца з уласнымі слабасцямі, - заўважыў Святы Айцец.

“У душы чалавека, які моліцца, пачуцце ўласнай слабасці больш каштоўнае за хвіліны ўзвышэння, калі здаецца, што жыццё – гэта кавалькада перамогаў і поспехаў. У малітве заўсёды здараецца так: малітоўныя моманты, калі адчуваем узнёсласць, запал, і моманты болю, сухасці, выпрабавання… Гэта можна ўбачыць у шматлікіх іншых прыкладах біблійнага паклікання, таксама ў Новым Запавеце, падумаем, напрыклад, пра св. Пятра і св. Паўла. Таксама і іх жыццё было такім: хвіліны ўзвышэння і хвіліны прыніжэння, пакут”, - нагадаў Папа.

Паводле Францішка, прарок Ілля – чалавек сузіральнага жыцця, і, адначасова, актыўнага. Ён быў заклапочаны падзеямі свайго часу, быў здольным пайсці супраць караля і каралевы, пасля таго як яны загадалі забіць Набота, каб завалодаць яго вінаграднікам.

“Як жа моцна мы патрабуем вернікаў, руплівых хрысціян, якія перад людзьмі, надзеленымі кіраўнічай адказнасцю, з адвагай Іллі будуць казаць: “Гэтага рабіць нельга!”. “Гэта – забойства!”. Мы маем патрэбу ў духу Іллі. Ён паказвае нам, што не павінна існаваць раздваення ў жыцці таго, хто моліцца: трэба стаяць перад Панам і выходзіць насустрач братам, да якіх Ён пасылае”, - сказаў Папа.

Паводле Пантыфіка, “пацвярджэннем сапраўднасці малітвы з’яўляецца канкрэтная любоў да бліжняга”. “Вернікі павінны дзейнічаць у свеце пасля таго, як спачатку памаўчаць і памоляцца, інакш іх дзейнасць будзе імпульсіўнай, пазбаўленай праніклівасці, будзе ліхаманкавай мітуснёй без мэты”, - папярэдзіў Святы Айцец.

Папа заўважыў, што вера Іллі развівалася: таксама і ён узрастаў у малітве, паступова ўдасканальваў яе. Аблічча Бога станавілася для Яго ўсё больш і больш выразным аж да кульмінацыйнага моманту ў тым надзвычайным досведзе, калі Бог аб’явіўся Іллі на гары Горэб.

“Ён аб’явіўся не ў бязлітаснай буры, не ў землятрусе ці знішчальным агні, але ў “шуме ціхага ветру”. Менавіта праз гэты сціплы знак Бог камунікаваў з Іллёй, які ў той час быў прарокам-уцекачом, што згубіў супакой. Бог выйшаў насустрач стомленнаму чалавеку, які лічыў, што пацярпеў паразу на ўсіх франтах, але дзякуючы гэтаму ласкаваму ветрыку ў яго сэрца вярнуліся супакой і мір”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Напрыканцы катэхезы Папа заўважыў, што гісторыя Іллі, здаецца, напісана для ўсіх нас. “Аднойчы вечарам мы можам адчуць сябе непатрэбнымі і самотнымі. Менавіта тады малітва прыйдзе і пагрукае ў дзверы нашага сэрца. (…) І нават калі памылімся ў нечым, ці адчуем пагрозу і страх, вяртаючыся да Бога з малітвай, вернуцца, нібыта праз цуд, таксама супакой і мір. Гэтаму нас вучыць прыклад Іллі”, - падкрэсліў Францішак.

07 кастрычніка 2020, 10:40