ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: адказаць братэрствам на культуру адчужэння

Папа даў інтэрв’ю іспанскай версіі часопіса “Il mio Papa”. Ён заклікаў падчас пандэміі думаць не толькі пра сучаснасць, але, у першую чаргу, пра будучыя пакаленні.

Святы Айцец заўважыў, што пандэмія змяняе свет і правакуе крызісную сітуацыю, выйсці з якой можна будзе горшымі ці лепшымі. “Усё залежыць ад рашэнняў, якія будзем прымаць падчас крызісу”, - падкрэсліў ён.

На думку Папы важна перастаць думаць толькі пра сябе і наша актуальнае жыццё. Трэба глядзець у будучыню, узяць на сябе цяжар адказнасці і пачаць клапаціцца пра людзей, якія прыйдуць пасля нас. Паводле Святога Айца, гэта “культура, якую мы павінны распрацаваць падчас пандэміі”.

Францішак звярнуў увагу на важнасць салідарнасці паміж людзьмі, якая стала асабліва бачнай падчас пандэміі. Важна працягваць станавіцца блізкімі адно аднаму. “Цяпер час для таго, каб суцішыцца, наблізіцца да іншых, рабіць усё магчымае, каб заставацца з’яднанымі”, - дадаў ён.

Папа перакананы, што ў цяперашні час ёсць шмат людзей з простай, штодзённай святасцю, якія знаходзяцца сярод нас і прыходзяць на дапамогу патрабуючым. Гэтыя людзі не пажадалі “уцякаць”, але адказвалі на праблемы і шукаюць мірныя рашэнні.

Святы Айцец нагадаў, што абарона жыцця не тычыцца толькі тэм, звязаных з аховай здароўя. Ён заклікаў дапамагаць людзям, якія былі адрынуты сістэмай, пазбаўлены працы. Мы знаходзімся перад абліччам вялікага сацыяльнага выкліку, - дадаў ён.

“Пандэмія паказала нам наколькі мы прызвычаіліся да атмасферы адчужэння: на ўзбочыну спіхваюцца пажылыя людзі, бедныя, дзеці, ненароджаныя… Жыццё кожнага чалавека заслугоўвае таго, каб быць абароненым і шанаваным”, - нагадаў Францішак.

Паводле Святога Айца, на культуру адчужэння неабходна адказаць “культурай гасціннасці, блізкасці, братэрства”. Сёння, як ніколі раней, ад нас патрабуецца дух братэрства, нам трэба выходзіць насустрач іншым людзям, самым слабым і неабароненым, і клапаціцца пра іх.

Братэрства – гэта ключ для будавання будучыні, - сцвердзіў Папа. Яно павінна знайсці адлюстраванне ў размеркаванні вакцыны ад каронавіруса, якая не павінна належаць толькі адной краіне, лабораторыі ці групе дзяржаў, а стаць набыткам усяго чалавецтва, бо “здароўе нашых народаў, як вучыць пандэмія, гэта супольная спадчына, яно належыць да агульнага дабра”, - перакананы Пантыфік.

Спасылаючыся на 500-годдзе навяртання св. Ігнацыя Лаёлы, Пантыфік выказаў жаданне наведаць іспанскі горад Мансэра, дзе заснавальнік езуітаў пачаў свой шлях хрысціянскага жыцця.
 

07 кастрычніка 2020, 12:34