ҽ

Pope Francis' general audience Pope Francis' general audience 

Францішак: грошы павінны служыць, а не панаваць

8 кастрычніка 2020 г. Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі групу інспектараў Moneyval – Камітэта экспертаў Савета Еўропы па ацэнцы мер барацьбы з адмываннем грошай.

Спецыялісты прыбылі для правядзення ацэнкі эфектыўнасці заканадаўчых і інстытуцыйных мер, прынятых Святым Пасадам і Ватыканам у апошнія гады з мэтай прадухілення адмывання грошай і фінансавання тэрарызму.

У звароце да іх Папа падкрэсліў важнасць пераасэнсавання адносін да фінансаў. Ён асудзіў абыякавасць да паходжання грошай, а таксама іх здабыццё шляхам незаконнай дзейнасці і эксплуатацыі людзей. Грошы не павінны быць заплямлены крывёй братоў і прызначацца для таго, каб сеяць страх і навязваць уладу, прыносячы ў ахвяру жыццё бліжняга, - дадаў Папа.

Спасылаючыся на прапанову Паўла VI, Францішак заклікаў стварыць Сусветны фонд дапамогі бедным і галадаючым, у які можна накіраваць рэсурсы, прызначаныя на вытворчасць зброі і ваенныя выдаткі.

Рэпартаж з сустрэчы з экспертамі Moneyval

Святы Айцец нагадаў пазіцыю сацыяльнага вучэння Касцёла, згодна з якой неаліберальная “догма” аб тым, што этыка не павінна ўплываць на эканоміку, з’яўляецца памылковай. “Пакланенне старажытнаму залатому цяляці знайшло новую і бязлітасную версію абагаўлення грошай і дыктатуры эканомікі без аблічча і без па-сапраўднаму чалавечай мэты”, - сцвердзіў Папа.

На яго думку, “фінансавае спекуляванне, з лёгкім прыбыткам у якасці фундаментальнай мэты, працягвае чыніць бойню”. “Калі эканоміка губляе сваё чалавечае аблічча, тады яна не карыстаецца грошамі, а служыць ім. Гэта форма ідалапаклонства, на якую мы павінны рэагаваць, зноў прапануючы рацыянальны парадак рэчаў, які будзе весці да агульнага дабра, згодна з якім грошы павінны служыць, а не панаваць!”, - падкрэсліў Пантыфік.

Напрыканцы аўдыенцыі Святы Айцец заклікаў фінансавых экспертаў Савета Еўропы спрыяць існаванню “чыстых фінансаў”, не дазваляючы “гандлярам” спекуляваць у сакральнай святыні, якой з’яўляецца чалавецтва, згодна з поўнай любові задумай Стварыцеля.


 

08 кастрычніка 2020, 11:51