ҽ

Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" у Ватыкане Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" у Ватыкане 

Францішак: не бывае святасці без духоўнай барацьбы

Абвяшчэннем Божага Валадарства Езус супрацьстаіць рэлігійнасці, якая не ахоплівае жыццё чалавека, якая не ўсклікае да сумлення і адказнасці перад абліччам дабра і зла, - падкрэсліў Папа.

Падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая 27 верасня 2020 г. прайшла ў Ватыкане, Пантыфік пракаментаваў евангельскую прыпавесць пра двух братоў, якім бацька загадаў ісці працаваць у вінаграднік. Адзін з іх імпульсіўна адказаў “не”, а потым пакаяўся і пайшоў; другі – адразу адказаў “так”, але на самой справе не зрабіў гэтага.

“Паслухмянасць заключаецца не ў тым, каб казаць “так” ці “не”, але ў дзеяннях, у апрацаванні вінаградніку, у рэалізацыі Божага Валадарства, у добрых учынках. Гэтым простым прыкладам Езус хоча пераўзыйсці рэлігію, якая разумеецца як знешнія і прывычныя дзеянні, якая не ўплывае на жыццё і паводзіны людзей…”, - сказаў Папа.

Прадстаўнікамі “паказной” рэлігійнасці, якіх папракаў Езус, былі “першасвятары і старэйшыны народа”, якіх, згодна з папярэджаннем Пана, у Божым Валадарстве апярэдзяць мытнікі і распусніцы.

“Гэта сцвярджэнне не павінна навесці на думку, што робяць добра тыя, якія не прытрымліваюцца Божых запаведзяў і этыкі, кажучы: “Тыя, якія ходзяць у касцёл, горшыя за нас!”. Езус не ўказвае на мытнікаў і распусніц як на прыклад жыцця, але як на “прывілеяваных ласкі”(…), якую Бог дае кожнаму, хто адкрывае сэрца і навяртаецца да Яго. Сапраўды, гэтыя асобы, слухаючы Яго пропаведзь, каяліся і змянялі жыццё…”, - падкрэсліў Пантыфік.

“У Евангеллі на сённяшні дзень, лепш зрабіў першы брат, не таму што сказаў “не” свайму бацьку, але таму што пасля “не” навярнуўся да “так”, пакаяўся. Бог цярплівы з намі, з кожным з нас: не стамляецца, не адракаецца, пасля таго, як мы кажам “не”; дазваляе нам нават аддаляцца ад Яго і памыляцца”, - сказаў Папа.

Францішак запэўніў, што Бог паважае свабоду чалавека і з трапятаннем чакае нашага “так”, каб нанова прыняць нас у свае бацькоўскія абдымкі і напоўніць сваёй бязмежнай міласэрнасцю. “Вера ў Бога патрабуе штодзённага абнаўлення выбару на карысць дабра, а не зла, выбару праўды, а не падману, выбару любові да бліжняга, а не эгаізму. Той, хто навяртаецца да гэтага выбару, пасля таго, як спазнаў грэх, апынецца на першых месцах у Нябесным Валадарстве, дзе больш радасці з аднаго грэшніка, які пакаяўся, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў”, - сказаў Папа.

Пантыфік заўважыў, што навяртанне – гэта працэс ачышчэння ад маральнага зацвярдзення, таму часам ён балючы, бо не бывае святасці без адрачэння і духоўнай барацьбы.

“Духоўны прагрэс прадугледжвае аскетызм і самаадрачэнне, якія паступова вядуць да жыцця ў супакоі і радасці благаслаўленняў. Евангелле на сённяшні дзень кажа пра хрысціянскае жыццё, якое не складаецца з мараў і прыгожых памкненняў, але з канкрэтных высілкаў, каб усё больш і больш адкрывацца на Божую волю і любоў да братоў”, - сказаў Францішак.

“Няхай Найсвяцейшая Марыя дапаможа нас быць паслухмянымі дзейнасці Святога Духа. Ён – Той, які размякчае сэрцы і адкрываецца на пакаянне, каб атрымаць жыццё і збаўленне, паабяцаныя Езусам”, - закончыў сваё разважанне Папа.
 

27 верасня 2020, 12:13