ҽ

Лагатып 100-годдзя кангрэгацыі Святога Арханёла Міхала Лагатып 100-годдзя кангрэгацыі Святога Арханёла Міхала  

Папа скіраваў пасланне з нагоды 100-годдзя супольнасці міхалітаў

Францішак скіраваў спецыяльнае пасланне з нагоды пачатку святкавання 100-годдзя кангрэгацыі Святога Арханёла Міхала. Яно будзе адзначацца 29 верасня 2021 г.

Папа заклікаў міхалітаў працягваць клапаціцца пра дзяцей і моладзь, асабліва пра сіротаў, бедных, пазбаўленых належнага клопату, становячыся для іх носьбітамі надзеі і будучыні.

Святы Айцец звярнуў увагу на прыклад заснавальніка супольнасці, благаслаўлёнага кс. Браніслава Маркевіча. Зерне, якое Божы Провід пасеяў у жыцці гэтага руплівага польскага святара, узрастала перш за ўсё праз “досвед манаскага жыцця ў Салезіянскай кангрэгацыі і поўных любові непасрэдных адносінах са св. Янам Боска”, - заўважыў ён.

Папа нагадаў, што пасля вяртання ў Польшчу з Італіі, кс. Маркевіч “працягнуў сеяць праз ініцыятывы на карысць бедных і пакінутых дзяцей, збіраючы вакол сябе мужчын і жанчын”, якія сталі падмуркам для будучых мужчынскай і жаночай галінаў кангрэгацый Святога Арханёла Міхала.

Кс. Браніслаў Маркевіч памёр у 1912 г., а манаская супольнасць, ля вытокаў якой ён стаяў, атрымала кананічнае прызнанне праз дзевяць гадоў пасля яго смерці тагачасным арцыбіскупам Кракаўскім Адамам Стэфанам Сапегам. Пантыфік зазначыў, што з таго часу міхаліты служаць на ўсіх кантынентах, адказваючы на ўсё новыя і новыя душпастырскія выклікі і даючы сведчанне веры, нават праз мучаніцтва.

Папа заўважыў, што харызмат міхалітаў з’яўляецца як ніколі актуальным і характарызуецца клопатам пра сіротаў, пакінутых і бедных дзяцей, непатрэбных нікому, якія часта сустракаюцца з адчужэннем з боку грамадства. Сёння найбольш патрабуючымі з’яўляюцца не толькі тыя, якія жывуць ў стане матэрыяльнай галечы, але таксама маладыя людзі, якія сталі нявольнікамі сучасных уплываў і залежнасцей, падвержаныя граху і аддаленню ад Бога.

У сувязі з гэтым Францішак заклікаў міхалітаў працягваць выкарыстоўваць друк і сучасныя тэхналогіі, каб дасягаць як мага большай колькасці моладзі, ствараючы плёны дабра ў розуме і сумленні людзей. Важна быць уважлівымі да патрэбаў самых апошніх і не баяцца рэалізаваць харызмат сваёй супольнасці ў сучасных “палявых шпіталях”. Трэба быць людзьмі адзінства, пераўзыходзіць межы, будаваць масты і разбураць муры абыякавасці, - падкрэсліў Святы Айцец.
 

28 верасня 2020, 11:15