ҽ

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік сустрэўся з сем’ямі ахвяр інцыдэнту ў Карынальда

Францішак сустрэўся 12 верасня 2020 г. у Ватыкане з сем’ямі загінулых у снежні 2018 г. у выніку цісканіны на рэп-канцэрце ў клубе італьянскага гарадка Карынальда.

“Дзякую вам, што прыйшлі падзяліцца са мной сваім болем і малітвамі. Помню той дзень, калі здарылася трагедыя. Я быў вельмі ўзрушаны. (...) Гэта сустрэча дапамагае Папу і Касцёлу не забываць, захоўваць у сэрцы, і перш за ўсё даверыць вашых блізкіх сэрцу Бога Айца”, - сказаў Святы Айцец.

“Не ўдаючыся ў сутнасць прычын, якія прывялі да інцыдэнту ў тым клубе, дзе загінулі вашы родныя, шчыра яднаюся з вашымі пакутамі і вашым законным жаданнем справядлівасці. Таксама хачу прапанаваць вам слова веры, суцяшэння і надзеі”

, - заявіў Францішак.

Пантыфік даверыў загінулых заступніцтву Маці Божай Ларэтанскай, апякункі рэгіёну, у якім знаходзіцца Карынальда. Ён нагадаў, што трагедыя адбылася ўначы, у першыя гадзіны 8 снежня 2018 г., у свята Беззаганнага Зачацця, таму прапанаваў завяршыць сустрэчу супольнай малітвай “Вітай, Марыя” за загінулых.

Людзі прыйшлі ў клуб на канцэрт папулярнага італьянскага рэп-выканаўцы. Будынак быў перапоўнены. Каля гадзіны ночы нехта распыліў у зале газавы балончык, і гэта выклікала паніку. Пад людзьмі, якія спрабавалі выбрацца, абрынуўся пешаходны мост, што вёў вонкі. Загінулі пяцёра падлеткаў узростам ад 14 да 16 гадоў, а таксама 39-гадовая жанчына.
 

12 верасня 2020, 12:25