ҽ

Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" у Ватыкане Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" у Ватыкане 

Францішак: Бог глядзіць на шчодрасць, з якой служым Яму

Адчуваць радасць паклікання да працы на карысць Божага Валадарства, - заклікаў Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая 20 верасня 2020 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

Святы Айцец пракаментаваў евангельскую прыпавесць пра работнікаў, якіх гаспадар паклікаў працаваць у свой вінаграднік (Мц 20,1-16). З дапамогай гэтага апавядання Езус хоча паказаць як дзейнічае Бог, - заўважыў Папа.

Паводле Францішка, евангельскі гаспадар – вобраз Бога, які кліча ўсіх і кліча заўсёды. “Бог робіць гэта таксама і сёння: Ён працягвае клікаць кожнага, у кожны час, запрашаючы працаваць у Яго Валадарстве. Гэта стыль Бога, які мы пакліканы распазнаваць і прымаць. Ён не закрыўся ў сваім свеце, а пастаянна выходзіць. Бог заўсёды выходзіць, шукаючы людзей, бо хоча, каб ніхто не застаўся выключаным з Яго задумы любові”, - сказаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што таксама і хрысціянскія супольнасці пакліканы выходзіць за рознага роду “межы”, якія могуць існаваць, каб несці ўсім слова збаўлення, якое прынёс Езус.

“Гаворка ідзе пра тое, каб адкрыцца на гарызонты жыцця, якія дораць надзею людзям, што засталіся на экзістэнцыяльных перыферыях, і яшчэ не спазналі або згубілі сілу і святло сустрэчы з Хрыстом. Касцёл павінен быць як Бог – заўсёды выходзіць насустрач людзям. Калі Касцёл не робіць гэтага – становіцца хворым…”, - дадаў ён.

Гаворачы пра аплату працы работнікам вінаградніка, Папа заўважыў, што гаспадар дамовіўся з тымі, якія працавалі ад раніцы, аб заробку ў адзін дынар за дзень. Тым, якія прыйшлі пазней, ён сказаў: “Я справядліва заплачу вам” (Мц 20,4), а напрыканцы дня загадаў даць ім такую ж плату – адзін дынар. Работнікі, якія працавалі ад раніцы абурыліся, але гаспадар настойваў на максімальнай плаце для ўсіх, нават для тых, хто прыйшоў апошнім. Бог заўсёды плаціць па-максімуму.

“І тут становіцца зразумелым, што Езус кажа не пра працу і справядлівы заробак, але пра Божае Валадарства і пра дабрыню Нябеснага Айца, якія няспынанна кліча і плаціць па-максімуму ўсім”, - сказаў Францішак.

“Бог насамрэч робіць так: Ён не глядзіць на час і вынікі, але на гатоўнасць і шчодрасць з якой служым Яму. Яго ўчынкі больш чым справядлівыя. Яны пераўзыходзяць справядлівасць і аб’яўляюцца ў ласцы. Усё – ласка. Наша збаўленне – ласка, наша святасць – ласка. Дорачы нам ласку, Ён плаціць нам, больш чым мы заслугоўваем. І тады той, хто кіруецца чалавечай логікай, гэта значыць заслугамі, здабытымі дзякуючы ўласнай спрытнасці, з першага пераўтвараецца ў апошняга… Хто з пакорай перад міласэрнасцю Айца давяраецца Яму з апошняга пераўтвараецца ў першага”, - сцвердзіў Святы Айцец.

“Няхай Найсвяцейшая Марыя дапаможа нам кожны дзень адчуваць радасць і захапленне ад таго, што з’яўляемся пакліканымі Богам працаваць для Яго на Яго полі, якім ёсць свет, у Яго вінаградніку, якім ёсць Касцёл, а таксама мець у якасці адзінай аплаты Яго любоў, сяброўства Езуса, які ёсць усім для нас”, - завяршыў сваё разважанне Францішак.
 

20 верасня 2020, 12:09