ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: ядзерныя выпрабаванні – пагроза міру на планеце

Апостальская Сталіца гатова падтрымаць усе намаганні ААН, накіраваныя на ўступленне ў сілу Дамовы аб паўсюднай забароне ядзерных выпрабаванняў, падпісанай у 1996 г.

Аб гэтым 26 жніўня 2020 г. заявіў мансеньёр Фрэдэрык Хансэн, Павераны ў справах Місіі Пастаяннага Назіральніка Апостальскай Сталіцы ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Ватыканскі дыпламат прыняў удзел у анлайн-сустрэчы, прымеркаванай да Міжнароднага дня дзеянняў супраць ядзерных выпрабаванняў, які будзе адзначацца 29 жніўня.

“Прамінула тры чвэрці стагоддзя з моманту першага выпрабавання ядзернай зброі, недарэчна названага “Triniti” (Тройца), у пустыні Нью-Мексіка ў ЗША. З таго часу было праведзена больш за 2 тыс. выпрабаванняў, сем з якіх у гэтым стагоддзі. Яны нанеслі шкоду навакольнаму асяроддзю і здароўю людзей, што знаходзіліся паблізу палігонаў ці апынуліся пад уздзеяннем радыеактыўнага ветру. Спадзяёмся, што ядзернае выпрабаванне, праведзенае тры гады таму, стане апошнім...”, - выказаў надзею ватыканскі дыпламат.

Паводле мансеньёра Хансэна, неабходна, каб Камісія па падрыхтоўцы Дамовы аб паўсюднай забароне ядзерных выпрабаванняў, працавала з васьмю краінамі, якія дагэтуль не ратыфікавалі дакумент, што перашкаджае яго ўступленню ў сілу. Гэтыя дзяржавы павінны пераканацца ў тым, што нацыянальная і міжнародная бяспека будзе ўмацавана толькі тады, калі Дамова пачне дзейнічаць.

Прадстаўнік Святога Пасаду зазначыў, што ядзерныя выпрабаванні ствараюць пагрозу для бяспекі на планеце, для міру і стабільнасці ўсіх краін-членаў ААН і народаў, якія яны прадстаўляюць. “Дамова з’яўляецца фундаментальна важным крокам да стварэння свету без ядзернай зброі”, - перакананы святар.

Ватыканскі дыпламат падкрэсліў, што патрабаванне свету без ядзернай зброі гучыць асабліва актуальна ў кантэксце пандэміі каронавіруса, бо “абсурдна накіроўваць каштоўныя рэсурсы на ўтрыманне знішчальнай зброі, калі вялікая колькасць людзей на планеце змагаецца за выжыванне”.

Нагадваючы словы Францішка, прамоўленыя падчас яго візіту ў Хірасіму, у лістападзе 2019 г., мансеньёр Хансэн нагадаў, што выкарыстанне атамнай энергіі ў ваенных мэтах – гэта злачынства “не толькі супраць чалавека і яго годнасці, але супраць любой магчымасці будучыні ў нашым агульным доме”.
 

27 жніўня 2020, 11:15