ҽ

Удзельнікі Mladifest у Меджугор’і Удзельнікі Mladifest у Меджугор’і 

Папа напісаў да ўдзельнікаў Mladifest у Меджугор’і

Францішак накіраваў пасланне на харвацкай мове ўдзельнікам штогадовай малітоўнай сустрэчы Mladifest, якая праходзіць у баснійскім Меджугор’і з 1 па 6 жніўня 2020 г.

Папа заклікаў моладзь адгукнуцца на запрашэнне Хрыста “Ідзіце і ўбачыце” (Ян 1, 39): стаць на шлях веры, які дазваляе адчуць прысутнасць Пана і праз Яго спазнаць поўны і канчатковы сэнс жыцця.

Святы Айцец напісаў, што ў марыйным санктуарыі Меджугор’я маладыя пілігрымы з розных краін могуць сустрэцца з жывым Хрыстом, асабліва ў сакрамэнтах Эўхарыстыі і паяднання, у глыбокай адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Тут моладзь можа спазнаць “іншы лад жыцця”, не звязаны з “культурай часовага” і рэлятывізмам, атрымаць “сапраўдныя і дакладныя адказы”.

Дэвіз сустрэчы “Ідзіце і ўбачыце”, заклік Езуса, звернуты да вучняў, “з’яўляецца благаслаўленнем і для вас, маладыя людзі”, бо Хрыстус накіроўвае позірк “і на вас, запрашаючы пайсці і застацца з Ім”,

 - заўважаў Пантыфік.

Быць разам з Панам – значыць надаць сэнс жыццю. Сустрэча з Хрыстом змяняе чалавека і “залучае яго ў місію перадачы гэтага досведу іншым, заўсёды зважаючы на Пана”, - падкрэсліў Святы Айцец

Францішак заклікаў моладзь знаходзіць і прысвячаць час для Езуса, быць побач з Ім, давяраць сябе Яму – найвялікшаму Сэрцазнаўцу, напаўняцца Божым Духам “і быць гатовымі да займальнай жыццёвай прыгоды”.

Да Хрыста трэба прыходзіць фізічна і духоўна: толькі тады можна спазнаць поўны і канчатковы сэнс нашага знаходжання на зямлі.

Цудоўным прыкладам безумоўнага наследавання Хрыста з’яўляецца Найсвяцейшая Дзева Марыя: Маці Езуса рызыкавала, але здолела цалкам даверыць сябе Богу. “Маці Марыя клапоціцца пра нас, сваіх дзецей, якія часта жывуць у стоме і патрэбе, але хочуць, каб святло надзеі не згасла”, - адзначыў Папа.

На заканчэнне Францішак заклікаў моладзь імкнуцца за Езусам, Якога мы “ўшаноўваем у Найсвяцейшай Эўхарыстыі і вызнаём у целе брата, які пакутуе”. “Няхай Дух Святы натхняе вас на гэты шлях. Касцёл мае патрэбу ў вашай энергіі, вашых ідэях, вашай веры”, - пажадаў Пантыфік маладым людзям, даверыўшы іх заступніцтву Багародзіцы.
 

03 жніўня 2020, 12:42