ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Група экалагічных лідараў з Францыі прыедзе ў Ватыкан

Францішак прыме на прыватнай аўдыенцыі прадстаўнічую французскую дэлегацыю. Мэтай візіту з’яўляецца размова са Святым Айцом на актуальныя тэмы, звязаныя з экалогіяй і аховай стварэння.

У групу, якая прыбудзе ў Ватыкан, увойдуць, сярод іншых, Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Францыі, арцыбіскуп Эрык дэ Мулен-Бафор, актрыса Жульет Бінош і тэолагі, навукоўцы і актывісты, блізкія да тэмы экалогіі.

Як тлумачыць французскі сайт Famille Chrétienne, удзельнікі сустрэчы з Папам, хоць і не ўсе з’яўляюцца вернікамі, былі натхнёныя энцыклікай “Laudato si’”, прысвечанай ахове стварэння. Яны маюць намер паразмаўляць з Францішкам пра гэты дакумент і пра змены, да якіх ён заклікае.

“Каб паскорыць гэтыя змены, экалагічныя лідары павінны сустрэцца і пазнаёміцца адно з адным, незалежна ад рознасці пазіцый. Менавіта таму, разам з арцыбіскупам дэ Мулен Бафор і некалькімі католікамі, мы вырашылі арганізаваць сустрэчу людзей, блізкіх і не вельмі да Касцёла, з Пантыфікам. Гэта аўдыенцыя стане нагодай паразважаць над магчымай праблематыкай, якая нас аб’ядноўвае”, - патлумачыў Рафаэль Корну-Тэнар, свецкі евангелізатар, адзін з удзельнікаў сустрэчы, запланаванай на верасень.

Плануецца, што дэлегацыю, у якую ўвойдуць больш за дзесяць чалавек, Францішак прыме на прыватнай аўдыенцыі ў Доме св. Марты 3 верасня 2020 г.
 

25 жніўня 2020, 10:58