ҽ

Папа Францішак і брат Алаіз Лозэр. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак і брат Алаіз Лозэр. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі прыёра Тэзэ

25 чэрвеня 2020 г. Пантыфік прыняў на прыватнай аўдыенцыі ў Ватыкане брата Алаіза Лозэра, прыёра экуменічнай супольнасці Тэзэ. Сустрэча планавалася ў сакавіку, але была перанесена з прычыны пандэміі.

У ходзе паўгадзіннай размовы брат Алаіз падзяліўся са Святым Айцом актуальнымі навінамі, якія тычацца дзейнасці супольнасці. У прыватнасці гаворка ішла пра апошнія этапы Пілігрымкі даверу па зямлі і аднаўленне прыёму пілігрымаў пасля адмены каранціна.

Прыёр распавёў Францішку пра тое, што яго энцыкліка “Laudato si’”, пяцігоддзе якой адзначаецца сёлета, натхняе да рэфлексіі многіх членаў і гасцей экуменічнай супольнасці. Брат Алаіз падзяліўся з Пантыфікам інфармацыяй аб ахове навакольнага асяроддзя і прыняцці бежанцаў, якія ажыццяўляе Супольнасць.

“Я быў глыбока ўзрушаны сардэчным і братэрскім прыёмам з боку Францішка. У Тэзэ мы ўспрымаем яго служэнне як вельмі блізкае і я хацеў расказаць яму, як шмат мы молімся за яго”, - прыводзіць словы прыёра афіцыйная старонка Супольнасці.

З 2005 г. брат Алаіз Лозэр з’яўляецца настаяцелем хрысціянскай экуменічнай супольнасці, якая знаходзіцца ў французскай вёсцы Тэзэ, у Бургундзіі. Яна была заснавана ў 1940 г. братам Ражэ Шутцам. У супольнасць уваходзіць каля ста законнікаў розных канфесій і нацыянальнасцей, якія прысвячаюць сваё жыццё малітве, сузіранню і місіянерскай працы з моладдзю. Штогадова, асабліва ў летні перыяд, Тэзэ наведваюць тысячы пілігрымаў, якія жадаюць правесці час у цішыні і разважанні над Божым словам. У навагодні час Супольнасць арганізуе агульнаеўрапейскія сустрэчы ў адным з буйных гарадоў кантынента. Сёлета гэта павінна адбыцца ў італьянскім Турыне.
 

27 чэрвеня 2020, 13:51