ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Францішак пра сітуацыю ў ЗША: “не” для расізму і насілля

Папа выказаў занепакоенасць сітуацыяй у ЗША пасля трагічнай гібелі 46-гадовага афраамерыканца Джорджа Флойда. Ён моліцца за ўсіх, хто “страціў сваё жыццё з прычыны граху расізму”.

“Дарагія сябры, мы не можам праяўляць цярпімасці, заплюшчваць вочы на розныя формы расізму і адчужэння і пры гэтым прэтэндаваць на абарону святасці кожнага чалавечага жыцця. У той жа час мы павінны прызнаць, што насілле апошніх начэй з’яўляецца дзеяннем разбуральным, накіраваным супраць саміх сябе. З насіллем мы нічога не набываем, але многае губляем”, - сказаў Пантыфік 3 чэрвеня 2020 г. падчас агульнай аўдыенцыі.

Святы Айцец запэўніў, што духоўна яднаецца з усім народам ЗША, молячыся аб вечным спакоі для Джорджа Флойда і ўсіх, хто страціў сваё жыццё ў выніку граху расізму.

“Будзем маліцца аб суцяшэнні для сем’яў і сяброў, аб нацыянальнай згодзе і міры, якога прагнем. Няхай Маці Божая Гвадэлупская, Маці Амерыкі, заступаецца за ўсіх, хто працуе на карысць міру і справядлівасці на вашай зямлі і ва ўсім свеце”, - заклікаў Папа.

Джордж Флойд загінуў 25 мая 2020 г. пры затрыманні паліцыяй у горадзе Мінеапаліс. Яго гібель стала прычынай для масавых пратэстаў у розных гарадах ЗША, у выніку якіх загінулі па меншай меры 11 чалавек.

 

03 чэрвеня 2020, 12:19