ҽ

MPOR_20190618_0058.jpg

Папа: медсёстры адыгрываюць цэнтральную ролю ў ахове здароўя

Францішак павіншаваў медсясцёр і медбратоў, акушэрак і акушэраў з іх прафесійным святам. У надзвычайнай сітуацыяй, выкліканай пандэміяй каронавіруса, ён зрабіў гэта ў форме паслання.

Папа адзначыў, што падчас пандэміі мы па-новаму адкрылі фундаментальнае значэнне ролі, якую адыгрываюць медсёстры і медбраты, акушэркі і акушэры. Кожны дзень свет назірае “сведчанне мужнасці і самаахвярнасці медыцынскіх работнікаў”, якія “прафесіяналізмам, самаахвярнасцю і пачуццём адказнасці і любові да бліжняга дапамагаюць людзям, якія пацярпелі ад віруса”, “падвяргаючы рызыцы ўласнае здароўе”. На жаль, сведчаннем гэтаму з’яўляецца вялікая колькасць медработнікаў, якія памерлі ў выніку вернай службы. “Я малюся за іх – Пан ведае кожнага з іх па імені - і за ўсіх ахвяр гэтай пандэміі”, - напісаў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў, што медсёстры і медбраты гістарычна адыгрывалі цэнтральную ролю ў ахове здароўя.

“Гэта мужчыны і жанчыны, якія вырашылі сказаць “так” вельмі адмысловаму пакліканню: быць Добрым Самаранінам, які бярэ адказнасць за жыццё і пакуты іншых. Яны – захавальніцы і захавальнікі жыцця, якія, нават пры выкананні неабходных метадаў лячэння, даюць мужнасць, надзею і давер”

, - заўважыў Францішак.

На думку Пантыфіка, “у многіх краінах пандэмія выявіла шэраг недахопаў у аказанні медыцынскай дапамогі”. Менавіта таму ён звярнуўся да кіраўніцтва краін, інвеставаць у сферу медыцыны, каб “забяспечыць належны догляд усім, з павагай да годнасці кожнага чалавека”.

Папа нагадаў, што маральная адказнасць з’яўляецца адметнай рысай прафесіі медсястры і медбрата, якая “не можа быць зведзена выключна да навукова-тэхнічных ведаў, але павінна пастаянна натхняцца чалавечымі і гуманізаванымі адносінамі да хворых”.

“Вы – і тут я таксама думаю пра акушэрак і акушэраў – знаходзіцеся побач з людзьмі ў адказныя моманты іх існавання – нараджэння і смерці, хваробы і вылячэння – дапамагаеце ім змагацца з траўматычнымі сітуацыямі. Часам вы апынаецеся побач з імі, калі яны паміраюць, даючы суцяшэнне і палёгку ў апошнія хвіліны. Ваша самаадданасць залучае вас у лік “святых па суседстве”. Вы ўвасабляеце сабой Касцёл як “палявы шпіталь”, працягваючы выконваць місію Езуса Хрыста”

, - напісаў Пантыфік.

Медсёстры і медбраты, акушэркі і акушэры, “заслужана маюць права на больш якасную і поўную ацэнку і ўдзел у працэсах, якія тычацца здароўя людзей і грамадства”. Францішак лічыць, што “іх прафесіяналізм павінен узмацняцца шляхам прапановы адпаведных навуковых, чалавечых, псіхалагічных і духоўных інструментаў для іх адукацыі, паляпшэння ўмоў працы і гарантавання правоў”. У гэтым плане важную ролю адыгрываюць асацыяцыі медыцынскіх работнікаў.

“Я хацеў бы скіраваць асаблівае слова акушэркам і акушэрам, якія клапоцяцца пра жанчын у цяжарнасці і дапамагаюць ім нарадзіць дзяцей. Ваша прафесія ўваходзіць у лік самых высакародных, бо яна непасрэдна прысвечана служэнню жыцця і мацярынству”, - напісаў Папа.

Міжнародны дзень медыцынскай сястры штогод адзначаецца 12 мая. Ён супадае з Днём нараджэння Флорэнс Найцінгейл, адной з заснавальніц службы сясцёр міласэрнасці.

12 мая 2020, 12:52