ҽ

1589358476361.JPG

Папа: хрысціянства пазбавіла адносіны з Богам “феадальнасці”

Хрысціянін моліцца да Бога ласкавага, які не хоча людскога страху перад Ім, - падкрэсліў Пантыфік. Ён заўважыў, што малітва ўласціва людзям усіх рэлігій, і, магчыма, нават тым, хто не вызнае ні адну з іх.

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 13 мая 2020 г. прайшла ў форме відэатрансляцыі з Ватыкана, Францішак працягнуў цыкл катэхез, прысвечаных малітве. Ён заўважыў, што “малітва нараджаецца ў глыбіні”, у тым месцы, “якое духоўныя аўтары называюць “сэрцам”.

“Малітва, такім чынам, гэта не штосьці перыферыйнае ў нас, не нейкі наш другасны і маргінальны дадатак, але наша самая глыбокая таямніца. Моляцца эмоцыі, але нельга сказаць, што малітва гэта толькі эмоцыі. Моліцца розум, але малітва – гэта не толькі справа інтэлекту. Моліцца цела, але можна размаўляць з Богам нават у стане самай цяжкай няпоўнаспраўнасці. Такім чынам, увесь чалавек моліцца, калі моліцца яго “сэрца”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што малітва перасягае нас: яна ўзнікае ў глыбіні нашай асобы і выходзіць з яе, бо адчувае тугу па сустрэчы. “Малітва – гэта голас “я”, што ідзе навобмацак, усляпую, у пошуку “Ты”, - дадаў Пантыфік.

“Хрысціянская малітва не нараджаецца без аб'яўлення: “Ты” не засталося ахінутым таямніцай, але ўвайшло ў адносіны з намі. Хрысціянства – гэта рэлігія, якая няспынна цэлебруе “аб’яўленне” Бога, Яго эпіфанію. Першыя святы літургічнага года – гэта ўшанаванне таго Бога, які не застаўся схаваным, але прапанаваў сваё сяброўства людзям. Бог адкрывае сваю хвалу ў беднасці Бэтлеема, у сузіранні мудрацоў, у хросце ў Ярдане, у цудзе вяселля ў Кане. Евангелле св. Яна робіць выснову з дапамогай абагульняючага сцвярджэння вялікага гімну пралога: “Бога ніхто ніколі не бачыў. Адзінародны Бог, які ва ўлонні Айца, Ён адкрыў” (1,18)”, - сцвердзіў Францішак.

Папа заўважыў, што “малітва хрысціяніна ўваходзіць у адносіны з Богам, Які мае вельмі ласкавае аблічча, Які не жадае выклікаць страх у людзей”.

“Гэта першая рыса хрысціянскай малітвы. Калі людзі спрадвеку мелі звычку набліжацца да Бога крыху спалоханыя, крыху напужаныя гэтай надзвычайнай таямніцай, баючыся, калі былі прызвычаены ўшаноўваць Яго з рабалепствам, падобным на рабалепства падданага, які не хоча страціць павагі свайго гаспадара, то хрысціяне звяртаюцца да Яго, маючы смеласць з даверам называць Яго “Ойча”,”

- адзначыў Папа.

Паводле Францішка, “хрысціянства пазбавіла сувязь з Богам любога роду “феадальных” адносін”. “У спадчыне нашай веры няма такіх слоў як “падданства”, “нявольніцтва” ці “васальная залежнасць”, але “саюз”, “сяброўства”, “абяцанне”, “адзінства”, “блізкасць”. У сваёй доўгай развітальнай прамове да вучняў, Езус кажа так: “Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам. Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё” (Ян 15,15-16)”, - прыгадаў Пантыфік.

Папа заўважыў, што Бог – гэта сябар, саюзнік і жаніх, а ў малітве “Ойча наш” Езус навучыў нас скіроўваць да Яго просьбы. Мы можам прасіць у Бога ўсяго, тлумачыць усё, распавядаць усё, нават калі ў адносінах з Ім мы маем заганы, бо Ён не перастае нас любіць, - дадаў Францішак.

“Бог – верны саюзнік. Калі людзі перастаюць любіць, Ён не перастае любіць, нават тады, калі любоў вядзе Яго на Кальварыю. Бог заўсёды знаходзіцца ля дзвярэй нашага сэрца. Ён чакае, каб мы Яму адчынілі. Часам Ён стукае ў сэрца, але не бывае назойлівым, чакае”

, - звярнуў увагу Папа.

Францішак заклікаў маліцца, заглыбляючыся ў таямніцу Запавету, уваходзячы ў міласэрныя абдымкі Бога, адчуваючы сябе ахінутымі таямніцай шчасця, якой з’яўляецца жыццё Тройцы, адчуваючы сябе запрошанымі, хоць і нягоднымі такога гонару.

“Паспрабуем паўтараць Богу ў захапленні малітвы: як магчыма, што Ты ведаеш толькі любоў? Яго ўзненавідзелі, але Ён не ведае нянавісці. Ён ведае толькі любоў. Такім ёсць Бог, да якога мы молімся. Гэта ззяючая сутнасць кожнай хрысціянскай малітвы. Бог – гэта любоў, наш Айцец, які чакае і суправаджае нас”, - сказаў на заканчэнне катэхезы Святы Айцец.
 

13 мая 2020, 10:50