ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Францішак заклікаў далучыцца да малітвы аб завяршэнні пандэміі

Папа заклікаў вызнаўцаў усіх рэлігій далучыцца да малітвы аб завяршэнні пандэміі каронавіруса. 14 мая 2020 г. ён цэлебраваў у гэтай інтэнцыі ранішнюю св. Імшу ў Ватыкане.

“Камітэт па рэалізацыі мэт “Дэкларацыі аб братэрстве паміж людзьмі” абвясціў на сёння Дзень малітвы і посту, каб прасіць аб Божай міласэрнасці і літасці ў гэты трагічны перыяд пандэміі. Св. Францішак Асізскі казаў: “Усе – браты”. Таму няхай людзі ўсіх веравызнанняў сёння з’яднаюцца ў малітве і пакаянні, просячы аб ласцы выбаўлення ад гэтай пандэміі”, - сказаў Папа.

У Дзень малітвы і посту людзі розных рэлігій закліканы звярнуцца да Бога, просячы аб ратаванні чалавецтва і дапамозе перад абліччам пандэміі, вяртанні бяспекі, стабільнасці, здароўя і развіцця, аб больш гуманным і братэрскім свеце.

Малітоўная акцыя праходзіць па ініцыятыве Камітэта па рэалізацыі мэт “Дэкларацыі аб братэрстве паміж людзьмі, міры ў свеце і агульным суіснаванні”, створаным 21 жніўня 2019 г. Яго мэта – спрыяць дасягненню ідэалаў, акрэсленых у дакуменце, які Папа і Вялікі імам Аль Азхар падпісалі 4 лютага 2019 г. у Абу-Дабі.
 

14 мая 2020, 09:32