ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Папа да тых, хто ратуе бежанцаў: можаце разлічваць на мяне

Францішак запэўніў у сваёй падтрымцы членаў гуманітарнай арганізацыі “Mediterranea Saving Humans”, што займаецца ратаваннем мігрантаў у Міжземным моры.

Папа скіраваў кароткае напісанае ад рукі пасланне ў адказ на зварот, які некалькі дзён таму атрымаў ад кіраўніка дабрачыннай арганізацыі Лукі Казарыні. З яго Пантыфік даведаўся пра шматлікія перашкоды, якія чыняцца гуманітарным судам, а таксама пра пагаршэнне сітуацыі тысяч людзей, што знаходзяцца ў лагерах бежанцаў у Лівіі і Грэцыі, у тым ліку па прычыне пандэміі каронавіруса.

“Лука, дарагі брат, вялікі дзякуй за твой ліст (…) і за чалавечую спагаду, якую маеш да пакут мноства людзей. Дзякуй за тваё сведчанне, якое мне было вельмі прыемным. Я блізкі да цябе і тваіх паплечнікаў. Дзякуй за ўсё, што вы робіце. Я хацеў сказаць, што заўсёды гатовы дапамагчы вам. Разлічвайце на мяне. Жадаю табе шчаслівай Пасхі. Малюся за вас і, калі ласка, маліцеся за мяне”, - напісаў Святы Айцец.

“Mediterranea Saving Humans” ад самага пачатку сваёй гуманітарнай місіі падтрымлівае блізкія адносіны з рознымі структурамі Каталіцкага Касцёла і Апостальскай Сталіцай. На суднах гуманітарнай місіі дзейнічае капелан, прызначаны кампетэнтнымі каталіцкімі ўладамі. Ратавальнікі рэгулярна інфармуюць Святы Пасад аб сваёй працы і сітуацыі з бежанцамі ў Міжземным рэгіёне.

У снежні 2019 г. прадстаўнікі арганізацыі зрабілі і перадалі ў Ватыкан крыж, з прымацаванай да яго ратавальнай камізэлькай у памяць аб уцекачах, якія загінулі. Францішак распарадзіўся змясціць яго на сцяне Апостальскага палаца, як напамін пра маральны абавязак ратавання кожнага чалавечага жыцця, які аб’ядноўвае вернікаў і няверуючых.
 

11 красавіка 2020, 12:54