ҽ

Video-messaggio-di-papa-Francesco-per-Settimana-SantaAEM.jpg

Асаблівае відэапасланне Папы напярэдадні незвычайнай Пасхі

“Побач адзін з адным, у любові і цярплівасці, у гэтыя дні мы можам падрыхтаваць лепшы час”, - сцвердзіў Пантыфік у спецыяльным відэпасланні напярэдадні Вялікадня.

Францішак запэўніў, што ў гэты складаны перыяд памятае пра ўсе сем’і, асабліва тыя, якія сутыкнуліся з хваробай блізкага чалавека або перажываюць траўр, пра ўсіх самотных і пажылых, а таксама пра дзяцей і падлеткаў, якія, нягледзячы на сваю жвавасць, вымушаны заставацца дома.

Папа выказаў блізкасць з усімі, хто апынуўся ў бальніцах па прычыне каронавіруса, і падкрэсліў велікадушнасць людзей, якія прыкладаюць намаганні для спынення пандэміі і аказання неабходных паслуг грамадству. Ён выказаў спагаду да ўсіх тых, хто апынуўся ў складанай фінансавай сітуацыі, чые праца і будучыня аказаліся пад пагрозай. Пантыфік запэўніў, што ў гэты час пакуты памятае таксама пра ўсіх зняволеных і бяздомных.

Францішак заклікаў вернікаў старацца як мага лепш выкарыстаць гэты час: быць шчодрымі, дапамагаць тым, хто мае патрэбу у нашай блізкасці, заставацца на сувязі з самотнымі, маліцца за ўсіх, хто пакутуе. “Нават калі мы ізаляваныя, думкі і дух могуць сягаць далёка, дзякуючы крэатыўнасці любові. Сёння нам патрэбна гэта: крэатыўнасць любові”, - заўважыў Папа.

“Мы будзем сапраўды незвычайным чынам адзначаць Вялікі тыдзень, які выяўляе і падсумоўвае пасланне Евангелля – пасланне бязмежнай любові Бога. І ў цішыні нашых гарадоў ізноў загучыць Евангелле Пасхі”

,- сцвердзіў Францішак.

Нагадаўшы словы Апостала Паўла: “Ён памёр за ўсіх, каб тыя, хто жыве, ужо не дзеля сябе жылі, а дзеля памерлага за іх і ўваскрослага” (2 Кар 5, 15), – Папа адзначыў, што “ў Езусе ўваскрослым жыццё перамагло смерць” і што менавіта “гэтая пасхальная вера жывіць нашую надзею”.

“Гэта надзея на лепшы час, калі лепшымі станем мы, вызваленыя, нарэшце, са зла і з гэтай пандэміі”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак запэўніў усіх вернікаў у сваёй малітоўнай блізкасці, заклікаў праяўляць пяшчоту да ўсіх, хто пакутуе, да дзяцей і пажылых людзей і папрасіў аб малітве ў яго інтэнцыі.

03 красавіка 2020, 20:07