ҽ

Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" 

Святы Айцец: наследаваць Езуса ў барацьбе са злом

Чым больш мы аддаляемся ад Бога, тым больш мы адчуваем сябе безабароннымі і бездапаможнымі, - нагадаў Папа 1 сакавіка 2020 г. падчас малітвы “Анёл Панскі”.

Прапануем поўны тэкст рэфлексіі Пантыфіка:

“У першую нядзелю Вялікага Посту Евангелле (пар Мц 4,1-11) расказвае пра тое, як Езуса, пасля хросту ў рацэ Ярдан, “Святы Дух вывеў у пустыню, каб д’ябал выпрабоўваў Яго”. Хрыстус рыхтаваўся да сваёй місіі абвяшчэння Валадарства Нябеснага, так як раней гэта рабілі Майсей і Ілля ў Старым Запавеце (пар. Зых 24,18; 1 Вал 19,8), і пачаў з саракадзённага посту. Пачынае Вялікі Пост.

Напрыканцы гэтага перыяду посту з’явіўся спакушальнік, д’ябал, які тройчы намагаўся паставіць Езуса ў складаную сітуацыю. Першая спакуса была выклікана тым, што Езус быў галодны, таму д’ябал прапанаваў Яму: “Калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя камяні сталі хлебам“ (Мц 4,3).

Але адказ Езуса быў ясны: “Напісана: “Не хлебам адным будзе жыць чалавек, а кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых” (Мц 4,4). Ён спаслаўся на Майсея, які нагадваў народу пра доўгі шлях праз пустыню, падчас якога спазнаў, што яго жыццё залежыць ад Божага слова (пар. Дт 8,3).

У другой спакусе (пар. 5-6) д’ябал становіцца больш падступным, таксама спасылаючыся на Святое Пісанне. Яго стратэгія выразная: калі маеш вялікі давер да Божай моцай, тады выкарыстай яе, бо і само Пісанне сцвярджае, што цябе падтрымаюць анёлы (пар. Мц 4, 6). Але таксама і ў гэтым выпадку Езус не дазволіў заблытаць сябе, бо той, хто верыць, ведае, што Бога трэба не выпрабоўваць, а давяраць Яго дабрыні. Таму на біблійныя словы, інтэрпрэтаваныя сатаной з мэтай інструменталізацыі, Езус адказаў яшчэ адной цытатай: “Напісана таксама: “Не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго” (Мц 4, 7).

Нарэшце трэцяя спакуса (пар 8-9) паказала сапраўдны намер д’ябла: паколькі прыйсце Божага Валадарства азначала пачатак яго паразы, спакусіцель імкнуўся не дапусціць Езуса да выканання Яго місіі, прапануючы Яму перспектыву палітычнага месіянізму. Але Езус не прыняў пакланення ўладзе і чалавечай славе і, у рэшце рэшт, прагнаў спакусіцеля, кажучы: “Адыдзі, сатана! Бо напісана: “Пану Богу твайму пакланяйся і Яму аднаму служы” (Мц 4,10). У гэты момант да Езуса, вернага заданню Айца, падышлі анёлы і служылі Яму.

Гэта вучыць, што Езус не вядзе дыялогу з д’яблам. Езус адказвае д'яблу Словам Божым, не сваім словам. За тое мы, калі нас спакушаюць, мы пачынаем дыялог са спакуснікам, пачынаем весці дыялог з д'яблам: так магу гэта зрабіць, пазней прыступлю да сакрамэнту споведзі. Ніколі не трэба весці дыялогу з д'яблам. Езус робіць з д’яблам дзве рэчы: ён гоніць яго, альбо, як у гэтым выпадку, ён адказвае Божым Словам. Будзьце ўважлівыя: ніколі не вядзіце дыялогу са спакусай, ніколі не вядзіце дыялогу з д'яблам.

Таксама і сёння сатана ўрываецца ў жыццё людзей, каб спакушаць іх сваімі прывабнымі прапановамі; змешваючы свой голас з мноствам іншых галасоў, якія імкнуцца ўсыпіць сумленне. З розных бакоў мы атрымліваем паведамленні, якія заклікаюць “паддацца спакусе”, каб спазнаць ап’яненне, якое дае парушэнне. Досвед Езуса вучыць нас, што спакуса – гэта спроба ісці шляхамі, альтэрнатыўнымі тым, якія вядуць да Бога: “Але, зрабі гэта, няма праблемы, пазней Бог прабачыць! Дазволь сабе на адзін дзень радасці - але гэта грэх! - але гэта нічога! - гэта альтэрнатыўнымі шляхі, шляхі якія даюць нам пачуццё самадастатковасці, задавальнення жыццём як самамэтай. Але ўсё гэта падман: мы вельмі хутка пераконваемся, што чым больш аддаляемся ад Бога, тым больш адчуваем сябе безабароннымі і бездапаможнымі перад вялікімі праблемамі жыцця.

Няхай Панна Марыя, Маці Таго, хто сцёр галаву змею, дапаможа нам у гэты перыяд Вялікага посту быць уважлівымі да спакусаў, не скарацца перад ідаламі гэтага свету, а наследаваць Езуса ў барацьбе са злом; тады і мы здолеем стаць пераможцамі як Ён”, - сказаў Папа.

Завяршаючы традыцыйную нядзельную сустрэчу з вернікамі, Францішак папрасіў не забывацца маліцца за яго і яго служэнне.

 

Навіна ў фармаце аўдыё
01 сакавіка 2020, 13:31