ҽ

Папа Пій ХІІ Папа Пій ХІІ 

Гісторык пра вялікія чаканні ад адкрыцця архіваў Пія ХІІ

Першых сур’ёзных вынікаў даследавання матэрыялаў аб пантыфікаце Пія ХІІ, якія Ватыканскі апостальскі архіў зробіць даступнымі з 2 сакавіка 2020 г., належыць чакаць праз 3-5 гадоў.

Такое меркаванне выказаў даследчык гісторыі Касцёла з Мюнстэрскага ўніверсітэта Губерт Вольф. Ён будзе сярод першых, хто атрымае доступ да дакументаў. У каментары для нямецкага каталіцкага агенцтва KNA навуковец зазначыў, што галоўным чынам засяродзіцца на дзейнасці Пія ХІІ у перыяд Халакосту. Ватыканскія дакументы ён будзе вывучаць у супрацоўніцтве з яўрэйскімі даследчыкамі.

Вольф лічыць, што яшчэ адна важная тэма, якую дапаможа высветліць адкрыццё ватыканскіх архіваў, тычыцца дыпламатычных стасункаў паміж Апостальскай Сталіцай і ЗША ў ХХ ст. У прыватнасці ён разлічвае на атрыманне новай інфармацыі адносна ўцёкаў высокапастаўленых нацысцкіх дзеячаў у Паўднёвую Амерыку, а таксама адносна “ролі, якую адыгрывалі ў гэтым амерыканскія сувязі падчас вайны, і асабліва пасля яе заканчэння”.

Навуковец падкрэсліў, што ў сітуацыі, калі “хтосьці знаходзіць асобны дакумент, які паказвае Папу ў вельмі негатыўным ці, наадварот, вельмі добрым святле”, трэба ў першую чаргу памятаць пра пашану да ахвяр і самога Пія ХІІ. На яго думку, перш чым рабіць высновы, павінны быць апрацаваны і прааналізаваны ўсе дакументы.

Паводле гісторыка, у Германіі, ЗША і Вялікабрытаніі на сённяшні дзень ужо даследавана большасць матэрыялаў, якія тычацца Халакосту. Дакументы на тэму ўцёкаў нацыстаў у Лацінскую Амерыку амаль не вывучаны. Складваецца ўражанне, што, напрыклад, у Аргентыне іх увогуле не існуе, хоць некаторыя нацысцкія злачынцы, сярод якіх урач з лагера “Аўшвіц-Біркенаў” Ёзэф Менгеле, вядомы як “Анёл смерці”, патрапілі ў краіну па сапраўднай візе.

Паводле нямецкага даследчыка, адкрыццё ватыканскіх архіваў пралье святло на тэму аб’яднання Еўропы. “Мы ведаем, што Конрад Адэнаўэр, Рабэр Шуман і Альчыда Дэ Гасперы, аўтары ідэі аб’яднанай Еўропы, былі на аўдыенцыях у Папы. Што было прадметам іх размоў?”, - задаецца пытаннем ён.

Губерт Вольф лічыць, што цікавымі для гісторыкаў могуць быць справаздачы ватыканскіх дыпламатаў аб сітуацыі ў Германіі напярэдадні вайны, дакументы аб матывах надання ў 1946 г. кардынальскай годнасці адразу тром нямецкім іерархам: Клеменсу Аўгусту фон Галену, Ёзэфу Фрынгсу і Конраду фон Прайзінгу, а таксама аб прычынах позняга прызнання Апостальскай Сталіцай Дзяржавы Ізраіль, якое адбылося толькі ў 1994 г., а не адразу пасля яе стварэння ў 1948 г.

Год таму папа Францішак прыняў рашэнне адкрыць архівы, якія датычацца пантыфікату Пія XII – перыяду з 2 сакавіка 1939 г. па 9 кастрычніка 1958 г. Ватыканскі апостальскі архіў дасць доступ да 151 тыс. дакументаў. Гаворка ідзе ў тым ліку пра рукапісы шматлікіх выступленняў Эўджэніа Пачэлі і пра тэксты, у якія ён уласнаручна ўносіў праўкі.

Навіна ў фармаце аўдыё
22 лютага 2020, 11:49