ҽ

Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" 

Папа: асэнсаваць дар хросту і жыць ім у штодзённасці

Лагоднасць, прастата, павага, стрыманасць і непрыкметнасць, уласцівая Езусу, патрабуецца таксама сёння ад вучняў Пана, - падкрэсліў Папа на малітве “Анёл Панскі”, 12 студзеня 2020 г. у Ватыкане.

Прапануем вашай увазе поўны тэкст медытацыі Святога Айца:

“Яшчэ адзін раз я меў радасць ахрысціць некаторых дзяцей у сённяшняе свята Хросту Пана. Сёлета іх было 32. Будзем маліцца з іх і іх сем’і.

Літургія ў гэтым годзе прадстаўляе нам хрост Езуса ў апавяданні Евангелля св. Мацвея (пар. 3,13-17). Евангеліст апісвае дыялог паміж Езусам, які просіць аб хросце, і Янам Хрысціцелем, які хоча адмовіцца і заўважае: “Гэта мне трэба прымаць хрост ад Цябе, а Ты прыходзіш да мяне?” (Мц 3,14). Гэта рашэнне Езуса здзівіла Хрысціцеля: сапраўды, Месія не мае патрэбы ў ачышчэнні; гэта Ён ачышчае. Але Бог – Святы, Яго шляхі – не нашы шляхі, а Езус – гэта шлях Бога, непрадказальны шлях. Будзем памятаць, што Бог – гэта Бог сюпрызаў.

Ян абвясціў, што паміж ім і Езусам існуе прорва, якую немагчыма запоўніць. Ён сказаў: “Я няварты несці сандалі Ягоныя” (Мц 3,11). Але Божы Сын прыйшоў менавіта, каб запоўніць гэту прорву паміж чалавекам і Богам. Калі Езус – цалкам на баку Бога, Ён таксама цалкам на баку чалавека, і аднаўляе еднасць паміж тым, што было падзелена. Таму Ён адказаў Яну: “Дазволь цяпер, бо так належыць нам выканаць усё, што справядліва” (Мц 3,15).

“Месія просіць, каб Яго ахрысцілі, каб споўнілася ўсё, што справядліва, каб споўнілася задума Айца, якая праходзіць праз шлях сыноўскай паслухмянасці і салідарнасці з кволым і грэшным чалавекам. Гэта шлях пакоры і поўнай блізкасці Бога да Яго дзяцей.”

Таксама і прарок Ісая абвяшчае справядлівасць Слугі Божага, якая спаўняецца ў Яго місіі ў свеце, адваротна па стылі духу гэтага свету: “Не будзе крычаць і не будзе ўсклікаць, на вуліцы не будзе чутна голасу Яго. Ён не зломіць надломленай трысціны і не пагасіць тлеючага кноту;” (Іс 42,2-3). Такая лагоднасць, якой Езус вучыць праз сваю пакору і лагоднасць, такая прастата, павага, стрыманасць і непрыкметнасць патрабуецца таксама сёння ад вучняў Пана. Сумна казаць, але як шмат вучняў Пана фанабэрацца тым, што з’яўляюцца вучнямі Пана.

“Вучань, які фанабэрыцца, не з’яўляецца добрым вучнем. Добры вучань – пакорны, ціхі, робіць дабро, не паказваючы сябе. У місійнай дзейнасці, хрысціянская супольнасць паклікана ісці насустрач іншым, заўсёды прапануючы, а не навязваючы, даючы сведчанне, прымаючы ўдзел у канкрэтным жыцці людзей.”

Як толькі Езус быў ахрышчаны ў рацэ Ярдане, раскрыліся нябёсы і спусціўся на Яго Святы Дух як голуб, у той час як голас з вышыні прамовіў: “Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў” (Мц 3,17). У свята Хросту Пана мы адкрываем нанова наш хрост. Як Езус з’яўляецца ўмілаваным Сынам Айца, таксама і мы, адроджаныя вадой і Святым Духам, адкрыем, што з’яўляемся ўмілаванымі дзецьмі, аб’ектам упадабання Бога, братамі шматлікіх іншых братоў, уключанымі ў вялікую місію, каб сведчыць і абвяшчаць усім людзям бязмежную любоў Айца. Свята Хросту Пана нагадвае нам пра наш хрост. Таксама і мы былі адроджаныя праз хрост. У хросце Святы Дух прыйшоў, каб застацца ў нас. Таму важна ведаць дату свайго хросту. Мы ведаем дату нашага нараджэння, але не заўсёды ведаем дату нашага хросту. Безумоўна, хтосьці з вас не ведае, таму гэта будзе вашым хатнім заданнем.

“Калі вернецеся, спытайце: калі я быў ахрышчаны? Штогадова святкуйце ў сэрцы дату вашага хросту. Гэта таксама будзе ўчынкам справядлівасці ў адносінах да Пана, які быў вельмі добрым да нас.”

Няхай Найсвяцейшая Марыя дапаможа нам усё больш і больш разумець дар хросту і жыць ім з паслядоўнасцю ў штодзённых сітуацыях”.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў пілігрымаў, прысутных на плошчы св. Пятра, і ўдзяліў благаслаўленне.

Рэпартаж з плошчы св. Пятра ў Ватыкане
12 студзеня 2020, 12:31