ҽ

1577870688041.JPG

Святы Айцец: шлях да збаўлення вядзе праз Марыю – жанчыну і маці

У першы дзень года мы святкуем запавет паміж Богам і чалавекам, распачаты ва ўлонні жанчыны, - падкрэсліў Папа падчас св. Імшы з нагоды ўрачыстасці Святой Багародзіцы Марыі.

Святочная цэлебрацыя адбылася 1 студзеня 2020 г. у базыліцы св. Пятра ў Ватыкане.

“Калі надышла паўната часу, паслаў Бог Сына свайго, народжанага ад жанчыны” (Гал 4, 4): гэты ўрывак з другога чытання Літургіі слова стаў цэнтральным у гаміліі Святога Айца.

Пантыфік заўважыў, што менавіта “ва ўлонні жанчыны Бог і чалавецтва паядналіся, каб больш ніколі не расставацца”. “У першы дзень года мы святкуем гэты запавет паміж Богам і чалавекам, распачаты ва ўлонні жанчыны. (...) Ад Яе, жанчыны, паходзіць збаўленне, а значыць, няма збаўлення без жанчыны. (...) Калі хочам з’яднацца з Богам, трэба прайсці тым жа шляхам: праз Марыю, жанчыну і маці”, - сцвердзіў Папа.

Ён падкрэсліў, што адраджэнне чалавецтва пачалося з жанчыны – крыніцы жыцця, а таму “любое насілле ў дачыненні да жанчыны – гэта прафанацыя Бога, народжанага ад жанчыны. З жаночага цела прыйшло збаўленне для чалавецтва: з таго, як ставімся да цела жанчыны, разумеем свой узровень чалавечнасці”.

Францішак нагадаў пра недапушчальнасць прынясення жаночага цела ў ахвяру рэкламы, заробку, парнаграфіі і сцвердзіў неабходнасць яго вызвалення з путаў спажывальніцтва, заклікаў да яго павагі і праслаўлення.

Рэпартаж з базылікі св. Пятра

Згодна з Бібліяй, жанчына ўтрымлівае ў сабе завяршэнне ўсяго стварэння: двойчы сустракаем у Святым Пісанні апісанне таго, што Марыя “захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім” (Лк 2, 19. 51). Жанчына, заўважыў Францішак, “дэманструе, што сэнс жыцця не ў тым, каб працягваць ствараць рэчы, але каб прымаць да сэрца рэчы, якія ёсць. Толькі той, хто глядзіць сэрцам, бачыць добра, таму што ўмее бачыць унутранае: чалавека – незалежна ад яго памылак, брата – нягледзячы на яго ўразлівасць, надзею – у цяжкасцях, Бога ва ўсім”.

Святы Айцец заклікаў вернікаў прасіць Бога аб ласцы прыняцця іншых да сэрца, клопату пра бліжніх і дбання пра захаванне годнасці кожнай жанчыны, бо “з жанчыны нарадзіўся Валадар спакою”.

Нарэшце, ад Марыі нованароджаны Езус атрымаў першую ўсмешку і зазнаў ласкавасць, а значыць, менавіта “з жанчыны пачалася рэвалюцыя ласкавасці”, дадаў Папа і выказаў перакананне, што “Касцёл, сузіраючы Дзіцятка Езуса, пакліканы яе працягваць. Ён, як і Марыя, з’яўляецца жанчынай і маці і ў Багародзіцы знаходзіць свае адметныя рысы”: сваё пакліканне казаць “не” граху і свету, абвяшчаць Пана, прымаць кожнага чалавека як сваё дзіцё.

“Касцёл мае сэрца маці. І сёння мы, дзеці, заклікаем Божую Маці, просячы, каб з’яднала нас як народ верны. О Маці, зарадзі ў нас надзею, падары нам адзінства. Жанчына збаўлення, даручаем Табе гэты год: захоўвай яго ў Сваім сэрцы!”, - заклікаў Пантыфік, завяршаючы гамілію.

Навіна ў фармаце аўдыё
01 студзеня 2020, 12:30