ҽ

1578312915401.jpg

Папа: сустрэча з Езусам аздараўляе сэрца і аддаляе ад зла

Кожны, хто зазнае духоўную сустрэчу з Езусам, павінен вярнуцца да прывычнай рэчаіснасці, але ўжо іншым – з аздароўленым сэрцам і ў духу радасці, - перакананы Святы Айцец.

6 студзеня 2020 г., ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, на плошчы св. Пятра ў Ватыкане Пантыфік узначаліў малітву “Анёл Панскі”, перад якой падзяліўся з вернікамі сваімі разважаннямі адносна сэнсу Эпіфаніі.

Пантыфік запрасіў паразважаць над словамі, якімі св. Евангеліст Мацвей заканчвае апавяданне пра прыход у Бэтлеем трох Мудрацоў з Усходу (Мц 2, 1-12): адараваўшы Езуса ў Бэтлеемскай стайні, яны “адышлі ў сваю краіну іншай дарогай”.

Гэтая дэталь, на думку Папы, сведчыць пра тое, што “сустрэча з Дзіцяткам перамяніла іх”, дала новы імпульс, каб вярнуцца на радзіму і з радасцю дзяліцца тым, што яны бачылі і зазналі. У гэтым і заключаецца стыль Божага аб’яўлення свету.

“Вопыт сустрэчы з Богам не блакіруе нас, а вызваляе, не знявольвае, а адпраўляе ў дарогу, вяртае ў звыклыя мясціны нашага існавання. Мясціны ёсць і застануцца тымі ж самымі, але мы, пасля сустрэчы з Езусам, ужо не тыя, якімі былі раней”

, - заўважыў Пантыфік.

Па яго словах, сустрэўшы Езуса, ужо немагчыма ісці па жыцці ранейшай дарогай, бо ад Яго “зыходзіць добрая моц, якая аздараўляе сэрца і аддаляе нас ад зла”.

У вяртанні “у сваю краіну”, але “іншай дарогай”, Святы Айцец бачыць “мудрую дынаміку паміж пераемнасцю і навізной”, якая паказвае, што гэта мы павінны змяніць стыль жыцця, хоць абставіны застаюцца ранейшымі. У гэтым заключаецца “розніца паміж сапраўдным Богам і здрадніцкімі ідаламі, такімі як грошы, улада, поспех”.

Рэпартаж з плошчы св. Пятра

“Розніца ў тым, што ідалы прывязваюць да сябе, робяць ідалазалежнымі, а мы завалодваем імі. Сапраўдны ж Бог не стрымлівае нас і не дазваляе, каб мы Яго стрымлівалі. Ён адкрывае нам шляхі, шляхі навізны і свабоды, бо Ён – Айцец, Які заўсёды з намі, каб дазволіць нам расці. Калі ты сустрэнеш Езуса, калі ў цябе адбудзецца духоўная сустрэча з Езусам, то памятай: ты павінен вярнуцца ў тыя ж месцы, што і заўсёды, але іншай дарогай, па-іншаму. Гэта Дух Святы дае нам Езуса, Які перамяняе нашыя сэрцы”, - заключыў Пантыфік.

Пасля малітвы “Анёл Панскі” Папа прывітаў вернікаў, прысутных на плошчы св. Пятра, і ўдзяліў усім сваё благаслаўленне.

Навіна ў фармаце аўдыё
06 студзеня 2020, 13:44