ҽ

Стоп-кадр папскага відэа Стоп-кадр папскага відэа 

Малітоўная інтэнцыя Папы: разам пашыраць мір і справядлівасць

Францішак заклікаў маліцца аб тым, каб усе людзі, незалежна ад іх веравызнання, разам пашыралі мір і справядлівасць у свеце.

У відэапасланні, распаўсюджаным Сусветнай сеткай малітвы, Папа агучыў сваю малітоўную інтэнцыю на студзень 2020 г.

“У падзеленым і разрозненым свеце хачу запрасіць да прымірэння і братэрства паміж усімі вернікамі, а таксама паміж усімі людзьмі добрай волі. Нашая вера штурхае нас распаўсюджваць каштоўнасці міру, суіснавання, усеагульнага дабрабыту. Памолімся, каб хрысціяне, тыя, хто прыналежыць да іншых рэлігій, і людзі добрай волі разам пашыралі мір і справядлівасць у свеце”, - заахвоціў Святы Айцец.

Пры гэтым ён заўважыў, што любая малітва павінна суправаджацца канкрэтнымі намаганнямі кожнага чалавека.

Аб важнасці, якую Францішак надае залучэнню кожнай асобы ў працэс усталявання прымірэння, справядлівасці і міру паміж людзьмі і нацыямі, сведчыць, між іншым, яго нядаўні візіт у Японію.

Відэа-ролік з удзелам Папы

Выступаючы 25 лістапада 2019 г. у Токіа перад уладамі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і дыпкорпусам краіны, Святы Айцец заўважыў, “канфлікты паміж народамі і нацыямі, нават самыя сур’ёзныя, могуць знайсці трывалыя рашэнні толькі праз дыялог – адзіную годную зброю чалавека, здольную гарантаваць даўгавечны мір”.

Для лепшага ўсведамлення каштоўнасці міру Папа ў сваіх прамовах часта нагадвае пра цалкам супрацьлеглую рэчаіснасць. Так, у сваім Пасланні на 53-ы Сусветны дзень міру ён нагадаў, што “мір – гэта каштоўнае дабро, аб’ект нашай надзеі, да якога імкнецца ўсё чалавецтва”.

Ён сцвярджае, што “жудасныя выпрабаванні грамадзянскіх і міжнародных канфліктаў, часта ўзмоцненыя бязлітасным насіллем, надоўга пакідаюць след на целе і ў душы чалавецтва”, і перасцерагае, што “кожная вайна становіцца братазабойствам, якое разбурае сам праект братэрства, упісаны ў пакліканне чалавечай сям’і”.

Навіна ў фармаце аўдыё
03 студзеня 2020, 12:39