ҽ

1577877289813.JPG

Папа: да міру – праз дыялог, прымірэнне і экалагічнае навяртанне

Адкрыем сэрцы на дабрыню Марыі і благаслаўленне Езуса: тады год, які пачынаецца, будзе шляхам надзеі і міру, заклікаў Папа вернікаў падчас сустрэчы з імі 1 студзеня 2020 г. на малітве “Анёл Панскі”.

Прапануем вашай увазе поўны тэкст медытацыі Святога Айца:

“Дарагія браты і сёстры! Учора вечарам мы завяршылі 2019-ы год, дзякуючы Богу за дар часу і за Яго благаслаўленне. Сёння распачынаем 2020-ы год з тым жа стаўленнем удзячнасці і праслаўлення. Тое, што нашая планета пачала новы абарот вакол Сонца і што мы, людзі, працягваем на ёй жыць, не з’яўляецца нечым само сабой зразумелым. Гэта не штосьці безумоўнае, больш таго, гэта заўсёды “цуд”, які павінен выклікаць захапленне і ўдзячнасць.

У першы дзень года Літургія праслаўляе Святую Маці Божую, Марыю, Дзеву з Назарэта, якая нарадзіла Езуса, Збаўцу. Гэтае Дзіцятка – Божае Благаслаўленне для кожнага чалавека, для вялікай чалавечай сям’і і для ўсяго свету. Езус не пазбавіў свет зла, але перамог яго ў корані. Яго збаўленне не магічнае, але “цярплівае”, гэта значыць, дэманструе цярплівасць любові, якая бярэ на сябе адказнасць за беззаконне і пазбаўляе яго сілы. Цярплівасць любові: любоў робіць нас цярплівымі. Мы часта губляем цярплівасць. Я таксама прашу прабачэнне за няўдалы ўчарашні прыклад. Таму, сузіраючы Стаенку, мы бачым вачыма веры абноўлены свет, вызвалены з панавання зла і падпарадкаваны каралеўскай уладзе Хрыста, Дзіцятка, што ляжыць у яслях.

Рэпартаж з плошчы св. Пятра

Таму сёння Маці Божая благаслаўляе нас, указваючы нам на Сына. І як Яна робіць гэта? Дэманструючы нам Сына. Трымае Яго на руках і ўказвае на Яго, і такім чынам благаслаўляе нас. Благаслаўляе ўвесь Касцёл, благаслаўляе ўвесь свет. Езус, як спявалі Анёлы ў Бэтлееме, – гэта “радасць для ўсяго свету”, хвала Бога і спакой людзей (пар. Лк 2, 14). Гэта прычына, чаму святы папа Павел VI пажадаў прысвяціць першы дзень года міру – абвясціў Сусветны дзень міру, – прысвячаючы яго малітве, усведамленню і адказнасці за спакой. Пасланне на 2020 год наступнае: мір – гэта шлях надзеі, шлях, па якім рухаюцца наперад праз дыялог, прымірэнне і экалагічнае навяртанне.

“Таму давайце ўзірацца ў Маці і Яе Сына, якога Яна нам паказвае. На пачатку года дазволім, каб Багародзіца з сваім Сынам благаславілі нас.”

Езус – гэта благаслаўленне для ўсіх, прыгнечаных ярмом нявольніцтва, маральнага і матэрыяльнага. Ён вызваляе любоўю. Тым, хто страціў самапавагу, стаўшыся нявольнікамі заганнага круга, Езус кажа: Айцец любіць цябе, Ён не пакіне цябе, з непахіснай цярплівасцю чакае твайго вяртання (пар. Лк 15, 20). Тым, хто з’яўляецца ахвярай несправядлівасці і злоўжыванняў і не бачыць выйсця, Езус адкрывае дзверы братэрства, дзе можна знайсці гасцінныя твары, сэрцы і рукі, падзяліцца горыччу і адчаем і крыху аднавіць пачуццё годнасці. Да цяжка хворых і тых, хто адчувае пакінутасць і тугу, Езус праяўляе блізкасць, з пяшчотнасцю дакранаецца да ранаў, намашчвае алеем суцяшэння і ператварае слабасць у моц дабра, каб развязаць найбольш заблытаныя вузлы. Для зняволеных і тых, каго спакушае ізаляцыя ў саміх сабе, Езус ізноў адчыняе гарызонт надзеі, пачынаючы з маленькага праменьчыка святла.

Дарагія браты і сёстры, давайце спусцімся з п’едэсталаў нашай ганарыстасці і папросім Святую Багародзіцу Марыю аб благаслаўленні. Яна ўказвае нам на Езуса: прымем жа благаслаўленне, адкрыем сэрцы на Яе дабрыню. Тады год, які распачынаецца, будзе шляхам надзеі і спакою, не на словах, але праз штодзённыя жэсты дыялогу, прымірэння і клопату аб стварэнні”, - завяршыў сваё разважанне Францішак.

Пасля малітвы “Анёл Панскі” Папа прывітаў вернікаў, прысутных на плошчы св. Пятра, і ўдзяліў усім сваё благаслаўленне.

Навіна ў фармаце аўдыё
01 студзеня 2020, 13:19