ҽ

1576760755400.jpg

Пантыфік: бяздзейнасць у адносінах да мігрантаў – грэх

Падчас Апошняга суда Бог спытае пра тое, што было зроблена дзеля ратавання жыцця мігрантаў, - заўважыў Папа. Ён падзякаваў усім, хто дапамагае гэтым людзям, і заклікаў вызваліць уцекачоў з лівійскіх лагераў.

19 снежня 2019 г. Францішак прысутнічаў на цырымоніі адкрыцця на сцяне ватыканскага Апостальскага палацу крыжа з прымацаванай да яго ратавальнай камізэлькай у памяць аб уцекачах. Там Пантыфік сустрэўся з бежанцамі, якія нядаўна прыбылі гуманітарным калідорам з грэчаскага Лесбаса.

Францішак заўважыў, што ніхто не ведае ні імя, ні паходжання чалавека, якому належала камізэлька, выключна каардынаты таго месца ў моры, дзе яна была знойдзена.

“Мы стаім перад абліччам яшчэ адной смерці, выкліканай несправядлівасцю. Так адбываецца, паколькі несправядлівасць прымушае шматлікіх мігрантаў пакідаць іх зямлю. Гэта несправядлівасць прымушае іх праходзіць праз пустыні, спазнаваць злоўжыванні і катаванні ў лагерах часовага ўтрымання. Гэта несправядлівасць кліча іх у дарогу і забівае ў моры”, - заўважыў Святы Айцец.

Ён зазначыў, што ў хрысціянскай традыцыі крыж – гэта сімвал пакут і ахвяры, але таксама адкуплення і збаўлення, сімвал перамогі Хрыста над смерцю.

“Таксама і невядомы мігрант, памерлы з надзеяй на новае жыццё, удзельнічае ў гэтай перамозе. Ратавальнікі мне распавялі, што вучацца чалавечнасці ад людзей, якіх атрымліваецца выратаваць. Яны падзяліліся са мной, што падчас кожнай місіі па-новаму адкрываюць прыгажосць быцця адзінай вялікай чалавечай сям’ёй, з’яднанай у паўсюдным братэрстве”, - падкрэсліў Францішак.

Пантыфік зазначыў, што вырашыў змясціць у Ватыкане “укрыжаваную” ратавальную камізэльку, каб пастаянна памятаць пра маральны абавязак ратавання кожнага чалавечага жыцця, які аб’ядноўвае вернікаў і няверуючых.

“Як можам не чуць роспачны крык шматлікіх братоў і сясцёр, якія лічаць за лепшае падарожнічаць праз мора падчас буры, чым павольна памерці ў лівійскіх лагерах бежанцаў, месцы вераломнага катавання і рабства. Як можам заставацца абыякавымі перад абліччам злоўжыванняў і насілля, ахвярамі якіх становяцца нявінныя, аддаючы іх у рукі бессаромных гандляроў людзьмі. Як можам “праходзіць міма”, як святар і левіт з прыпавесці пра Добрага Самараніна, становячыся такім чынам суадказнымі за іх смерць. Наша бяздзейнасць – гэта грэх!”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Францішак выказаў падзяку ўсім, хто без ваганняў ратуе мігрантаў, і заклікаў як мага хутчэй вызваліць людзей, якія ўтрымліваюцца ў лагерах бежанцаў у Лівіі. Ён заахвоціў да рашучай барацьбы з гандлярамі людзьмі, нагадваючы, што падчас Апошняга суда Бог спытаецца пра тое, што было зроблена на карысць мігрантаў і бежанцаў.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 снежня 2019, 14:12