ҽ

1574731467943.jpg

Папа ў Sophia University: рэфлексія і праніклівасць у адукацыі

Апошні дзень свайго Апостальскага візіту ў Японію, 26 лістапада 2019 г., Францішак правёў у такійскім Sophia University. Навучальная ўстанова належыць Ордэну Езуітаў.

Спачатку ва ўніверсітэцкай капліцы Папа ўзначаліў св. Імшу, якую канцэлебравалі яго сабраты з Таварыства Езуса. Потым ён паснедаў у кампаніі кіраўніцтва ВНУ, а затым сустрэўся з пажылымі і хворымі святарамі, прысутнымі ў абедзеннай зале, і з супрацоўнікамі цэнтра.

Сёння Sophia University – гэта адукацыйнае аб’яднанне, якое складаецца з універсітэта, калегіума, школы сацыяльнай дапамогі і чатырох сярэдніх школ.

У прамове Францішак, падводзячы вынікі свайго “кароткага, але інтэнсіўнага” знаходжанне ў Японіі, адзначыў, што, хоць у краіне “хрысціяне з’яўляюцца меншасцю”, “іх прысутнасць тут адчуваецца”. “Я таксама заўважыў, што, нягледзячы на эфектыўнасць і парадак, якія характарызуюць японскае грамадства, можна ўбачыць, што чалавек хоча і шукае нечага большага: ёсць глыбокае жаданне стварыць больш гуманнае, спачувальнае і міласэрнае грамадства”, - падкрэсліў Папа.

Паколькі “універсітэты застаюцца галоўным месцам фарміравання будучых лідараў, неабходна, каб веды і культура ў поўным аб’ёме натхнялі ўсе аспекты навучальных устаноў, робячы іх усё больш інтэграцыйнымі і здольнымі ствараць магчымасці і сацыяльна заахвочваць”, - сказаў Святы Айцец.

Згадваючы назву ўніверсітэта, ён адзначыў, што “чалавеку заўсёды патрэбна сапраўдная Мудрасць – Сафія, каб кіраваць сваімі рэсурсамі канструктыўна і эфектыўна”. Менавіта таму “у грамадстве, настолькі канкурэнтным і тэхналагічна арыентаваным”, універсітэт “павінен быць не толькі цэнтрам інтэлектуальнай фармацыі, але і месцам, дзе можа фарміравацца лепшае грамадства і надзея на будучыню”.

Пантыфік высока ацаніў гуманістычную, хрысціянскую і міжнародную накіраванасць езуіцкага ўніверсітэта. Ён выказаў перакананне, што гэты аспект тоеснасці ВНУ будзе ўзмоцнены на карысць “больш гуманнай, справядлівай і экалагічна адказнай адукацыі”.

Ён звярнуў увагу на важнасць ігнацыянскай традыцыі, якая “павінна стымуляваць як выкладчыкаў, так і студэнтаў да стварэння атмасферы, спрыяльнай рэфлексіі і праніклівасці”. Францішак лічыць, што “ні адзін студэнт універсітэта не павінен скончыць яго, калі не навучыцца выбіраць, адказна і свабодна, тое, што ў сваім сумленні лічыць найлепшым”.

Sophia University быў заснаваны ў 1913 г. У цяперашні час тут працуе дзевяць факультэтаў, 1,4 тыс. выкладчыкаў з 21 краіны і 13 тыс. студэнтаў, у тым ліку 1,5 тыс. замежных.

Пасля сумеснай фатаграфіі з кіраўніцтвам, Святы Айцец пакінуў актавую залу ўніверсітэта і аўтамабілем накіраваўся ў аэрапорт Ханэда. У 11.35 па мясцовым часе, пасля кароткай цырымоніі развітання, ён адляцеў у Рым, завяршыўшы сваё 32-е замежнае падарожжа, падчас якога наведаў Тайланд і Японію.

Навіна ў фармаце аўдыё
26 лістапада 2019, 11:06