ҽ

Папа: бедныя, слабыя і ўразлівыя – гэта сапраўдны скарб Касцёла

“Жывіце любоўю: няма нікога настолькі беднага, каб не меў нічога, што мог бы даць”: Францішак прывітаў пілігрымаў, што прыбылі ў Лурд на сустрэчу з нагоды Трэцяга сусветнага дня бедных.

Чатырохдзённы форум “Raduno Fratello 2019”, арганізаваны дабрачыннай асацыяцыяй “Брат” (Fratello), якая развівае ініцыятывы на карысць самых бедных унутры Касцёла, распачаўся 14 лістапада 2019 г. і завяршыцца 17 лістапада, калі Касцёл будзе адзначаць чарговы Сусветны дзень бедных.

У адмысловым відэапасланні, скіраваным да ўдзельнікаў пілігрымкі, Францішак узгадаў аб’яўленне Маці Божай беднай пастушцы Бэрнардэце, якое мела месца ў Лурдзе, і назваў яго добрай навіной для ўсіх, хто вызнае сябе бедным і малым, бо тое, што Бог схаваў ад мудрых і разумных, Ён адкрыў дзецям. “Бог хоча аб’явіць кожнаму сваю пяшчотную прысутнасць”, - сказаў Папа.

Пантыфік запэўніў, што мае патрэбу ў кожным з тых, каму адрасаваны яго зварот. “Вы, што стаіце ля падножжа крыжа, магчыма, самотныя, ізаляваныя, пакінутыя, бяздомныя, вымушаныя пакінуць сваю сям’ю або радзіму, ахвяры алкагольнай залежнасці, прастытуцыі, хваробы. Будзьце ўпэўненыя, што Бог вас любіць. Бог асаблівым чынам выслухоўвае вашыя малітвы. Свет пакутуе, і вашая малітва кранае Пана”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Самых уразлівых, нязначных і пазначаных галечай Папа назваў “скарбам Касцёла” і запрасіў іх “вярнуцца да вытокаў”. Ён заклікаў удзельнікаў пілігрымкі ў Лурд маліцца, бо з малітвай чалавек прымае ў сябе Марыю, якая “дорыць Езуса і суправаджае да Яго”. “Прасіце Бога, каб распаўсюдзіў на ўвесь свет сваю пяшчотную спагаду”, - заклікаў Папа.

Ён таксама запрасіў пілігрымаў прыступаць да сакрамэнтаў: прасіць аб хросце, спавядацца і браць удзел у Эўхарыстыі, каб прымаць Бога ў сваё цела і душу, і тады Ён адорыць верай і радасцю. “Жывіце любоўю: няма нікога настолькі беднага, каб не меў нічога, што мог бы даць. (...) Любоў збаўляе свет, і Бог хоча прайсці праз нас, каб гэты свет уратаваць”, - сказаў Францішак.

Ён выказаў спадзяванне, што пілігрымы пакінуць Лурд не такімі, якімі туды прыбылі. “Вяртайцеся з надзеяй, будзьце сведкамі любові Бога сярод вас. Расказвайце свету аб тым, Кім ёсць ваш скарб: гэта Езус. Крочце з Марыяй, каб Яна зрабіла вас апосталамі Божай пяшчоты”, - пажадаў Святы Айцец на заканчэнне відэапрамовы.

Сусветны дзень бедных быў устаноўлены папам Францішкам у 2016 г., на заканчэнне Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці. Па ініцыятыве Святога Айца, гэты дзень адзначаецца штогод у 33-ю звычайную нядзелю літургічнага года.
 

Навіна ў фармаце аўдыё
15 лістапада 2019, 10:30