ҽ

1574417394254.JPG

Пантыфік: не баяцца яшчэ большай інкультурацыі Евангелля

Трэці дзень падарожжа ў Тайланд Францішак распачаў сустрэчай са святарамі, кансэкраванымі асобамі, семінарыстамі і катэхетамі. Яна прайшла 22 лістапада 2019 г. у касцёле св. Пятра ў Бангкоку.

Папа заклікаў сабраных памятаць пра людзей, якія дапамаглі ім адкрыць пакліканне праз жэсты любові, велікадушнасці, цярплівасці, настойлівасці і спагады, і быць удзячнымі ім. Па прыкладзе сваіх папярэднікаў важна быць людзьмі, якія “нясуць новае жыццё”, - падкрэсліў Папа.

Францішак заўважыў, што тое кансэкраванае жыццё, якое не ўмее адкрывацца на неспадзяванае, гэта жыццё напаўдарозе. “Пан паклікаў і паслаў нас не для таго, каб мы накладалі на людзей дадатковыя абавязкі ці больш цяжкае ярмо, але, каб раздзяліць з імі радасць, цудоўную і новую перспектыву, тую, якая здзіўляе”, - падкрэсліў Пантыфік.

Папа заклікаў сабраных не баяцца шукаць новыя сімвалы і вобразы, асабліва ў музыцы, што дапамогуць абудзіць у тайцах захапленне Богам. “Мы не павінны баяцца яшчэ большай інкультурацыі Евангелля. Трэба шукаць новыя формы для пераказу Слова, здольнага абудзіць прагненне пазнання Пана”, - заўважыў Святы Айцец.

Папа з жалем заўважыў, што многія жыхары Тайланда ўспрымаюць хрысціянства як нешта замежнае. Ён заклікаў абвяшчаць веру “на дыялекце”, як робіць маці, спяваючы калыханку свайму дзіцяці. Трэба імкнуцца надаваць веры тайландскае аблічча і цела, а гэта патрабуе больш, чым проста даваць тлумачэнні.

Францішак заклікаў да клопату пра бедных, маргіналізаваных, сірот, пажылых, застаючыся для іх знакам жывой міласэрнасці Пана. Трэба бачыць у найбольш патрабуючых “аблічча брата, адкупленага Хрыстом”. “Менавіта гэта значыць быць хрысціянінам”, - сцвердзіў ён.

Святы Айцец звярнуў увагу на значэнне малітвы ў жыцці духавенства. “Руплівасць манаха, манахіні, святара і катэхета сілкуецца падвойнай сустрэчай: з абліччам Пана і з абліччам братоў”, - сказаў Папа на заканчэнне прамовы.

Навіна ў фармаце аўдыё
22 лістапада 2019, 11:16