ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак на Імшы ў Нагасакі: будзьце закваскай Божага Валадарства

Божае Валадарства – агульная мэта ўсіх хрысціян, і яе трэба ўвасабляць у жыццё ўжо сёння, сярод абыякавасці, якая пануе навокал, сказаў Францішак падчас літургіі ў Нагасакі.

24 лістапада 2019 г., ва ўрачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, Папа ўзначаліў св. Імшу на бейсбольным стадыёне горада, разлічаным на 25 тыс. чалавек.

У гаміліі Пантыфік засяродзіўся на евангельскім урыўку з Літургіі слова (Лк 23, 35–43), які апавядае пра “добрага злачынца”, што, будучы ўкрыжаваным побач з Езусам, у апошнія хвіліны зямнога жыцця пакаяўся і пачуў Езусава абяцанне: “Сёння ж будзеш са Мною ў раі"” (Лк 23, 43). На думку Францішка, менавіта дзякуючы такому стаўленню “добрага злачынцы” Кальварыя, “месца збянтэжанасці і несправядлівасці”, ператвараецца “ў словы надзеі для ўсяго чалавецтва”.

“Гэтыя землі, як мала якія іншыя, зведалі разбуральную здольнасць, якой можа валодаць чалавек. Таму, на ўзор добрага злачынцы, хочам пражыць момант, у якім зможам узняць нашыя галасы і вызнаць нашую веру ў абарону і на карысць Пана, бязвіннага Пакутніка. Хочам суправаджаць Яго падчас катавання, падтрымліваць у самотнасці і пакінутасці і ў чарговы раз пачуць, што збаўленне – гэта слова, якое Айцец жадае дараваць усім: “Сёння ж будзеш са Мною ў раі”, - сказаў Папа.

Ён выказаў упэўненасць у рашучым намеры мясцовых вернікаў наследаваць жыццё і веру св. Паўла Мікі і паплечнікаў, каб тым самым абвяшчаць любоў Хрыста, здольную перамагаць нянавісць, эгаізм, знявагу і раўнадушны песімізм, што паралізуе любую добрую справу.

“Калі нашая місія як вучняў-місіянераў заключаецца ў тым, каб быць сведкамі і прадвеснікамі таго, што надыходзіць, то яна не дазваляе нам мірыцца са злом і няшчасцямі, але падштурхоўвае да таго, каб служыць закваскай Божага Валадарства, дзе б мы ні былі: у сям’і, на працы, у грамадстве; быць маленькай шчылінай, праз якую Дух Святы працягвае ўдзімаць надзею сярод народаў”, - заўважыў Пантыфік.

Ён падкрэсліў, што Божае Валадарства – агульная мэта ўсіх хрысціян, і яе трэба ўвасабляць у жыццё ўжо сёння, сярод абыякавасці, якая пануе навокал і часта прымушае маўчаць хворых, састарэлых, самотных, бежанцаў, хоць усе яны з’яўляюцца “жывой таямніцай Хрыста, нашага Валадара”.

На Кальварыі толькі добры злачынца аказаўся здольным на мужнае вызнанне веры, калі ўзняў свой голас у абарону бязвіннага Пакутніка, звярнуў увагу Папа і дадаў, што кожны з нас павінен зрабіць выбар: “маўчаць, насміхацца або прарочыць”.

На завяршэнне гаміліі Францішак выказаў пажаданне, каб у Японіі і ва ўсім свеце станавілася “ўсё больш тых, хто, на ўзор добрага злачынцы, будзе здольны не маўчаць і не насміхацца, але ўласным голасам прарочыць аб Валадарстве праўды і справядлівасці, святасці і ласкі, любові і супакою”.

Урачыстай літургіяй завяршыўся візіт Папы ў Нагасакі. Адразу пасля цэлебрацыі Святы Айцец адправіўся самалётам у Хірасіму.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 лістапада 2019, 07:59