ҽ

1572784001286.jpg

Папа на “Анёл Панскі”: атрымліваць міласэрнасць і дзяліцца ёю

Адчуць на сабе міласэрны погляд Езуса і выйсці з міласэрнасцю насустрач тым, хто заблудзіў, - заклікаў Папа ў разважаннях перад малітвай “Анёл Панскі”. Ён спаслаўся на ўрывак з Евангелля св. Лукі (19, 1-10).

Прапануем поўны тэкст медытацыі Францішка:

“Сённяшняе Евангелле змяшчае нас у акружэнні Езуса, Які па дарозе ў Ерузалем спыняецца ў Ерыхоне. Яго сустрэў вялікі натоўп, а ў ім чалавек па імені Закхей, “кіраўнік мытнікаў”, тых габрэяў, якія збіралі падаткі ад імя Рымскай імперыі. Ён быў багаты не дзякуючы сумленнаму заробку, але “хабарніцтву”, і гэта паглыбляла пагарду да яго з боку атачэння. Закхей “стараўся ўбачыць Езуса, хто Ён такі” (Лк 19, 3), але не хацеў сустракацца з Ім. Яму было цікава: хацеў убачыць чалавека, пра Якога чуў незвычайныя рэчы. Карацей кажучы, “каб убачыць Яго” (Лк 19, 4), ён узлез на дрэва. Калі Езус падышоў да гэтага месца, падняў галаву і ўбачыў яго (Лк 19, 5).

Важна тое, што першы погляд належыць не Закхею, але Езусу, Які сярод мноства твараў вакол Яго, уважліва шукае мытніка. Міласэрны погляд Пана звяртаецца да нас, перш чым мы зразумеем, што патрэбна нам для збаўлення. І з гэтага погляду Боскага Настаўніка пачынаецца цуд навяртання грэшніка. Езус кліча яго і называе па імені: “Закхей, хутчэй спускайся, бо сёння мне трэба быць у тваім доме” (Лк 19, 5). Не папракае яго, не “прапаведуе” яму. Ён кажа, што павінен пайсці да яго: “павінен”, таму што гэта воля Айца. Нягледзячы на нараканні людзей, Езус вырашае наведаць дом гэтага публічнага грэшніка.

“[Мы таксама былі б абураны паводзінамі Езуса. Але пагарда і астракізм да грэшніка толькі ізалююць яго і ўмацоўваюць у зле, якое наносіць сабе і грамадству.]”

Бог асуджае грэх, але спрабуе выратаваць грэшніка, ідзе шукаць яго, каб вярнуць на правільны шлях. Тым, хто ніколі не адчуваў, што Божая міласэрнасць шукае Яго, цяжка зразумець незвычайную веліч жэстаў і слоў, з якімі Езус набліжаецца да Закхея.

Прыняцце Езуса і аказаная яму ўвага прыводзяць яго да хуткай змены мыслення: у адзін момант Закхей разумее, наколькі мярзотным з’яўляецца жыццё, цалкам сканцэнтраванае на грошах, цаной рабавання іншых і пагарды імі. Дзякуючы таму, што Пан знаходзіцца ў яго дома, Закхей успрымае ўсё іншымі вачыма, нават з невялікай доляй пяшчоты, з якой Езус глядзеў на яго. Яго ўспрыманне і спосаб выкарыстання грошай таксама мяняюцца: з браць на даваць. Сапраўды, ён вырашае раздаць палову таго, што мае, бедным і вярнуць у чатыры разы больш за тое, што скраў (Лк 19, 8).

Рэпартаж з плошчы св. Пятра

Закхей даведаўся ад Езуса, што можна любіць самааддана: да гэтага часу ён быў скупы, цяпер становіцца шчодрым; ён любіў назапашваць, цяпер радуецца, калі раздае. Сустракаючы Любоў, выяўляючы, што яго любяць, нягледзячы на грахі, становіцца здольным любіць іншых, робячы грошы знакам салідарнасці і зносін.

Няхай Дзева Марыя выпрасіць для нас ласку пастаяннага адчування на сабе міласэрнага позірку Езуса, умення выходзіць з міласэрнасцю на сустрэчу тым, хто заблудзіў, каб таксама яны маглі прыняць Езуса, Які “прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула” (Лк 19, 10)”, - сказаў Пантыфік.

Пасля марыйнай малітвы Папа прывітаў вернікаў, прысутных на плошчы св. Пятра, папрасіў аб малітве і ўдзяліў усім сваё благаслаўленне.

Навіна ў фармаце аўдыё
03 лістапада 2019, 13:51