ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Сінод Біскупаў: прастора сямейнасці, сінадальнасці і сведчання

Удзельнікі Сінода Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне маюць вялікую надзею на магчымасць з часам пабудаваць Касцёл з амазонскім абліччам, карэнны, са сваёй адмысловай літургіяй.

Пра гэта ішла гаворка 25 кастрычніка 2019 г. падчас брыфінгу ў Ватыкане па выніках чарговага працоўнага дня Сінода.

Законніца Інес Самбрана, якая працуе ў Эквадоры, прызналася, што Сінод Біскупаў па Панамазоніі ўвасабляе прастору сямейнасці, сінадальнасці і сведчання. Вялікая ўвага падчас дыскусій надаецца важнасці ўважлівага слухання голасу карэнных народаў Амазоніі і крыку зямлі. Законніца заўважыла, што ўдзельнікі Сінода маюць вялікую надзею на магчымасць з часам пабудаваць Касцёл з амазонскім абліччам, карэнны, са сваёй адмысловай літургіяй.

Для гэтага, па словах законніцы Інес, трэба працягваць знаёмства з мовамі і культурамі амазонскага рэгіёну, прыкладаць намаганні па абароне правоў карэнных народаў, спрыяць перадачы духоўнага багацця жыхароў Амазоніі. У гэтым аднадушныя Сінадальныя Айцы.

У сваю чаргу, кс. Гэйнс, старшыня “Adveniat” – праекту салідарнасці Касцёла Германіі з Лацінскай Амерыкай, які ўваходзіць у склад Панамазонскай касцёльнай сеткі (Repam), – заўважыў, што структура бачыць сваёй цэнтральнай задачай пабудову маста, які б дазволіў карэнным народам Амазоніі даносіць свае хваляванні і патрэбы да кіраўніцтваў еўрапейскіх дзяржаў.

Прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Паола Руфіні нагадаў, што ў бліжэйшы час удзельнікі Сінода прымуць удзел у выбары 13 членаў паслясінадальнай рады. У яе склад увойдуць таксама некалькі членаў, прызначаных Папам. Радзе будзе прадстаўлены для чытання і рэдагавання выніковы дакумент Сінода.

Навіна ў фармаце аўдыё
25 кастрычніка 2019, 15:17