ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік у Тайландзе і Японіі: абнародавана праграма візіту

2 кастрычніка 2019 г. Зала Друку апублікавала афіцыйную праграму падарожжа Францішка ў дзве азіяцкія краіны – Тайланд і Японію. 32-ы па ліку Апостальскі візіт за межы Італіі пройдзе 19-26 лістапада 2019 г.

У ваенным тэрмінале аэрапорта Бангкока Папу будуць чакаць 20 лістапада апоўдні. Тут адбудзецца кароткая нефармальная цырымонія прывітання. Афіцыйныя мерапрыемствы запланаваны на наступны дзень – 21 лістапада. Папу будуць чакаць сустрэчы з прэм’ерам, палітычным істэблішментам і дыпкорпусам. Яго прыме лідар мясцовых будыстаў. Затым Святы Айцец адправіцца ў шпіталь св. Людовіка, дзе сустрэнецца з пацыентамі і персаналам. Завершыцца дзень прыватнай сустрэчай з Каралём Тайланда Махай Вачыралангкорнам – Рамай Х.

22 лістапада будзе прысвечана рэлігійным мерапрыемствам. Францішак распачне дзень з сустрэчы з святарамі, кансэкраванымі асобамі, семінарыстамі і катэхетамі, затым правядзе размову з мясцовым епіскапатам. У нунцыятуры Папа прыме сваіх сабратаў езуітаў. Сустрэча з лідарамі хрысціянскіх канфесій і іншых рэлігій пройдзе ў сталічным універсітэце. Увянчае дзень Эўхарыстыя з удзелам моладзі.

23 лістапада Святы Айцец адправіцца з Бангкока ў Токіо. Вечарам у аэрапорце японскай сталіцы пройдзе цырымонія прывітання, адкуль Францішак адправіцца на сустрэчу з біскупскай канферэнцыяй.

24 лістапада Папа правядзе ў Нагасакі і Хірасіме. У першым з гарадоў ён звернецца з Пасланнем супраць ядзернай зброі, а ля Манумента мучанікам аддасць даніну памяці святым пакутнікам японскай зямлі. Завершыцца візіт у Нагасакі св. Імшой з удзелам тысяч вернікаў. У Хірасіме Францішак правядзе Сустрэчу на карысць міра, пасля якой вернецца ў Токіо.

25 лістапада Пантыфік сустрэнецца з ахвярамі катастрофы на атамнай электрастанцыі ў Фукусіме, наведае Імператарскі палац для сустрэчы з Імператарам Нарухіта, у мясцовай катэдры правядзе размову з моладдзю і ўзначаліць св. Імшу. Завершыцца дзень двума афіцыйнымі мерапрыемствамі: візітам да прэм’ер-міністра і прамовай да палітыкаў і дыпкорпуса, акрэдытаванага ў краіне.

Апошні дзень свайго азіяцкага візіту – 26 лістапада, – Папа правядзе ў “Sophia University”. Ва ўніверсітэцкай капліцы ён узначаліць св. Імшу з удзелам японскіх езуітаў, правядзе размову з кіраўніцтвам навучальнай установы, сустрэнецца з пажылымі і хворымі святарамі, звернецца з прамовай да выкладчыкаў і студэнтаў. Гэта будзе апошні этап падарожжа. Затым Папа адправіцца ў такійскі аэрапорт і адтуль вылеціць у Рым.

Трэба нагадаць, што першым Пантыфікам, які ажыццявіў Апостальскія візіты ў Японію і Тайланд быў св. Ян Павел II – адпаведна ў 1981 г. і ў 1984 г.

Навіна ў фармаце аўдыё
02 кастрычніка 2019, 13:35