ҽ

прэс-канферэнцыя на борце самалёта прэс-канферэнцыя на борце самалёта 

Папа: прычына старэння Еўропы – у пошуку камфорту і дабрабыту

Францішак застаўся прыемна ўражаны верай і радасцю, якія ўбачыў у жыхарах Мазамбіка, Мадагаскара і Маўрыкія, і падзяліўся сваім бачаннем праблем, якія закранаюць афрыканскі кантынент.

10 верасня 2019 г. Святы Айцец даў прэс-канферэнцыю на борце самалёта, вяртаючыся ў Рым са сваёй пілігрымкі ў Афрыку.

Пантыфік узгадаў св. Імшу ў Антананарыву з удзелам амаль мільёна вернікаў і падкрэсліў, што “гэта былі бедныя, народ, які ў той дзень не еў, каб толькі прысутнічаць там, і яны былі шчаслівыя”. Трэба асцерагацца адасаблення ад “усенароднага пачуцця радасці”, бо “сум адзінокіх” – гэта адна з першых прыкметаў тых, “хто забыў свае культурныя карані”, перасцярог Папа.

Святы Айцец прызнаўся, што яго вельмі парадавала вялікая колькасць дзяцей у Мазамбіку, на Мадагаскары і Маўрыкіі. “Дзеці – гэта скарб бедных людзей”, - сказаў Папа і выказаў перакананне, што праблема “бабулі Еўропы” з яе дэмаграфічным крызісам – у празмернай прыхільнасці да дабрабыту, якая прымушае замест багацця, якім з’яўляюцца дзеці, выбіраць сурагаты жыцця, напоўненага матрыяльнымі дабротамі, спакоем і агульным недаверам да будучыні. “Дзяржава павінна клапаціцца пра сям’ю, пра моладзь. Абавязак дзяржавы – весці іх наперад”, - падкрэсліў Пантыфік.

Не абмінуў Францішак і пытанне міру, які часам здабываецца вялікай цаной, як адбылося ў Мазамбіку, дзе яшчэ шмат гадоў пасля падпісаных у 1992 г. мірных пагадненняў захоўвалася напружанае становішча. Папа адзначыў, што мір крохкі і да яго належыць ставіцца, як да нованароджанага, – “вельмі пяшчотна” і з бясконцым прабачэннем. Трэба выкараняць любыя праявы ксенафобіі і пашыраць міжрэлігійны дыялог. Павага да веравызнання іншага чалавека – гэта вельмі важна, сказаў Папа і дадаў, што заўсёды перасцерагае місіянераў ад празелітызму, бо любая рэлігійная прапанова, якая шукае новых прыхільнікаў, але не вучыць “праслаўляць Бога ў праўдзе”, – папросту “не хрысціянская”.

Францішак закрануў праблему каланізацый, якія сёння пагражаюць хутчэй не ў геаграфічным, а ў ідэалагічным вымярэнні, імкнучыся ануляваць рознасць карэнных народаў, знішчыць іх ідэнтычнасць. Другое пытанне, асабліва вострае для афрыканскага кантынента з яго багатай прыродай, – гэта ахова навакольнага асяроддзя і біяразнастайнасці. Нарэшце, разважаючы адносна карупцыі, якую часта прадстаўляюць як “эндэмічную хваробу Афрыкі”, Пантыфік выказаў перакананне, што “яе глава знаходзіцца ў Еўропе; яе вынайшлі не афрыканцы”. “Таксама і ад нас зыходзіць гэтае злоўжыванне, не толькі прыродай, але і чалавекам”, - сказаў Папа.

Нарэшце, у адказ на пытанне журналістаў адносна магчымых расколаў у касцёльным асяродку з-за крытыкі пантыфікату Францішка, галоўным чынам, з боку ЗША, Святы Айцец адказаў, што не баіцца расколаў, але моліцца, каб іх не было. “Схізма – гэта заўсёды аддаленне эліты, выкліканае ідэалогіяй, адарванай ад дактрыны", - заўважыў Святы Айцец і дадаў, што трэба быць лагоднымі да людзей, якія паддаліся “псеўдасхізматычным атакам”, і пакорліва суправаджаць іх.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 верасня 2019, 10:29