ҽ

Папа ў Зале Сінодаў. Ілюстрацыйнае фота Папа ў Зале Сінодаў. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік прызначыў старшынь-дэлегатаў на Сінод па Амазоніі

Францішак прызначыў старшынь-дэлегатаў на Спецыяльную Асамблею Сінода Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне, які пройдзе ў кастрычніку 2019 г. у Ватыкане.

Як паведаміла Зала Друку Святога Пасаду, кіраваць працай Асамблеі, па рашэнні Пантыфіка, будуць: Апостальскі адміністратар “sede vacante et ad nutum Sanctae Sedis” Каракаса, венесуэльскі кардынал Балтасар Энрыке Порас Кардоса; віцэ-старшыня Панамазонкай касцёльнай сеткі (REPAM), перуанскі кардынал Пэдра Рыкарда Барэта Хімэна і прэфект Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця, бразільскі кардынал Жуан Брас дзі Авіс.

Старшыня-дэлегат Сінода Біскупаў узначальвае сінадальныя Асамблеі ад імя Пантыфіка. У яго абавязкі ўваходзіць агульнае кіраванне працай, размеркаванне спецыяльных заданняў паміж членамі Сінода, калі гэта неабходна для больш якаснай і эфектыўнай працы Асамблеі, а таксама подпіс актаў, прынятых па выніках пасяджэнняў.

Нагадаем, што Апостальскай канстытуцыяй “Episcopalis communio”, абмешчанай у верасні 2018 г., Францішак істотна абнавіў структуру Сінода Біскупаў, паставіўшы ў цэнтры прынцып сінадальнасці. Згодна з новаўвядзеннямі, цяпер Сінод уключае тры фазы: падрыхтоўчую, цэлебратыўную і рэалізацыйную. На падрыхтоўчым этапе прадугледжаны кансультацыі з Божым народам на ўзроўні мясцовых Касцёлаў па пытаннях, устаноўленых Пантыфікам. Цэлебратыўная фаза заключаецца ў непасрэднай працы біскупаў падчас Асамблеі. Рэалізацыйная наступае адразу пасля заканчэння біскупскага сходу і падразумявае прыняцце мясцовым Касцёламі палажэнняў, прынятых падчас папярэдняй фазы.

Спецыяльная Асамблея Сінода Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне пройдзе ў Ватыкане з 6 па 27 кастрычніка 2019 г. Яе тэма: “Амазонія – новыя шляхі для Касцёла і для інтэгральнай экалогіі”.

“Галоўная мэта сходу – вызначыць новыя шляхі евангелізацыі гэтай часткі Божага Народа, асабліва карэнных народаў, часта забытых і пазбаўленых перспектывы на спакойную будучыню, у тым ліку, па прычыне крызісу Амазонскіх лясоў, лёгкіх выключнай важнасці для нашай планеты”, - казаў Францішак 15 кастрычніка 2017 г., падчас малітвы “Анёл Панскі”, у ходзе якой упершыню аб’явіў аб сваім рашэнні склікаць Спецыяльны Сінод.

Удзел у форуме возьмуць каля ста мясцовых біскупаў, а таксама каталіцкія іерархі з розных рэгіёнаў свету, якія прадстаўляюць увесь каталіцкі епіскапат.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 верасня 2019, 12:15