ҽ

1567840935981.JPG

Францішак пажадаў Мадагаскару “будучыні сапраўднага братэрства”

Папа заахвоціў прадстаўнікоў улады і грамадзянскай супольнасці Мадагаскара “з моцай і рашучасцю змагацца супраць усіх эндэмічных форм карупцыі і спекуляцыі, якія павялічваюць сацыяльную няроўнасць”.

Першы дзень знаходжання Папы ў сталіцы Мадагаскара, горадзе Антананарыву, распачаўся з візіту ветлівасці ў Прэзідэнцкі палац. Раніцай 7 верасня 2019 г., пасля прыватнай размовы з лідарам краіны Андры Радзуэліна Святы Айцец правёў сустрэчу з прадстаўнікамі ўлады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў краіне.

У сваёй прамове Францішак, у першую чаргу, спаслаўся на Канстытуцыю Рэспублікі Мадагаскар, якая сярод шэрагу мэтаў і каштоўнасцей абвяшчае імкненне да салідарнасці, узаемадапамогі і духу згоды паміж жыхарамі краіны. На думку Пантыфіка, гэтая адметнасць характарызуе “душу” народа і дапамагае “з мужнасцю і самаахвярнасцю супрацьстаяць любой варожасці і цяжкасцям паўсядзённасці”.

“[Заахвочваю вас з моцай і рашучасцю змагацца супраць усіх эндэмічных форм карупцыі і спекуляцыі, якія пашыраюць сацыяльную няроўнасць, і адказваць на сітуацыі вялікай ненадзейнасці і эксклюзіі, якія заўсёды спараджаюць умовы бесчалавечнай беднасці]”

, - сказаў Францішак.

Пры гэтым ён нагадаў, што развіццё нацыі не можа зводзіцца толькі да эканамічнага росту, але павінна насіць інтэгральны характар, а значыць, уключаць у сябе спрыянне ўсебаковаму развіццю кожнага жыхара краіны і клопат аб навакольным асяроддзі, бо, дадаў Папа, экалагічны і сацыяльны крызісы не існуюць паасобку – гэта ўзаемазвязаныя рэчаіснасці.

Усталяванню сацыяльнай справядлівасці і экалагічнаму падыходу да працоўнай дзейнасці на Мадагаскары павінна спрыяць і міжнародная супольнасць. Яе дапамога робіць бачнай усё большую адкрытасць Мадакаскара да свету. Аднак трэба быць уважлівымі, каб працэс глабалізацыі не прывёў да “культурнай гамагенізацыі”, перасцярог Францішак. Па яго словах, знешняя дапамога павінна паважаць арыгінальны вобраз жыцця мясцовага насельніцтва, каб яно заставалася “рамеснікам уласнага лёсу”.

“Як Касцёл, мы хочам наследаваць схільнасць да дыялогу вашай зямлячкі, благаслаўлёнай Вікторыі Разааманарыва, якую святы Ян Павел II беатыфікаваў падчас свайго візіту на востраў трыццаць гадоў таму. Яе сведчанне любові да сваёй зямлі і сваіх традыцый, служэнне самым бедным, як праяўленне сваёй веры ў Езуса Хрыста паказваюць нам шлях, якім і мы пакліканы ісці”, - заўважыў Папа.

Напрыканцы сустрэчы ён запэўніў прысутных у жаданні і гатоўнасці Каталіцкага Касцёла на Мадагаскары спрыяць няспыннаму дыялогу хрысціян з прадстаўнікамі іншых канфесій і членамі грамадзянскай супольнасці на карысць “будучыні сапраўднага братэрства”, дзе цэніцца салідарнасць і ствараюцца ўмовы для інтэгральнага развіцця чалавека.

Пасля сустрэчы з кіруючымі коламі дзяржавы Францішак накіраваўся ў кляўзуровы кляштар жаночага манаскага ордэна кармэлітак босых у Антананарыву, дзе ўзначаліць Літургію гадзінаў і прамовіць гамілію.

Навіна ў фармаце аўдыё
07 верасня 2019, 10:56