ҽ

1561723384358.jpg

Францішак: праз малітву Касцёл прамаўляе да сэрца чалавека

Мы пакліканы быць сведкамі і пасланнікамі Божай міласэрнасці, каб даць свету перспектыву святла там, дзе ёсць цемра, надзеі – там, дзе роспач, збаўлення – там, дзе грэх, перакананы Святы Айцец.

28 чэрвеня 2019 г. у ватыканскай зале Паўла VI Пантыфік сустрэўся з 6-тысячнай дэлегацыяй прадстаўнікоў Сусветнай сеткі малітвы Папы. Нагодай стала 175-годдзе з дня заснавання руху і дзясятая гадавіна яго рэарганізацыі.

Заслухаўшы сведчанні асобных прадстаўнікоў Сеткі, Францішак звярнуўся да гасцей з прамовай, у якой падкрэсліў важнасць залучэння людзей да малітвы, бо праз яе Касцёл прамаўляе да сэрца сучаснага чалавека.

“Усе мы, душпастыры, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі, пакліканы спусціцца ў канкрэтную гісторыю людзей побач з намі, молячыся за іх, у малітве падзяляючы з імі іх радасці і пакуты. Такім чынам мы адкажам на заклік Езуса адкрыць свае сэрцы на братоў, асабліва тых, якія зносяць фізічныя або духоўныя выпрабаванні”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што асноўная місія Сусветнай сеткі малітвы – гэта праяўленне спагадлівасці да свету.

“[Сэрца Хрыста настолькі вялікае, што хоча ўсіх залучыць у рэвалюцыю пяшчоты. (…) Мы пакліканы быць сведкамі і пасланнікамі Божай міласэрнасці, каб даць свету перспектыву святла]”

, - адзначыў Святы Айцец.

Папа выказаў радасць па прычыне таго, што Сусветная сетка малітвы аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных пакаленняў, а значыць, моладзь можа браць прыклад веры з людзей старэйшага ўзросту і наследаваць іх шлях малітвы. Ён ухваліў дзейнасць малітоўнага руху ў інтэрнэт-прасторы, выказаўшы перакананне, што “Касцёл павінен адпавядаць часу і выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі”.

Пры гэтым Францішак перасцярог ад неразважлівасці ў гэтай справе, якая можа прывесці да заняволення сучаснымі тэхнічнымі сродкамі. “Мы не павінны станавіцца заложнікамі сеткі, але “лавіць рыбу”, іншымі словамі, прыцягваць душы, каб весці іх да Пана”, - нагадаў Пантыфік.

Да сваёй рэформы Сусветная сетка малітвы Святога Айца называлася Апостальствам малітвы і на пачатку XX ст. налічвала каля 13 млн вернікаў. Сёння іх колькасць ва ўсім свеце дасягае 35 млн. чалавек.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 чэрвеня 2019, 15:04