ҽ

1559292756000.jpg

Святы Айцец распачаў трохдзённую пілігрымку ў Румынію

Францішак прыбыў у Румынію. 31 мая 2019 г., у 11.10 па мясцовым часе Airbus 320 італьянская авіякампаніі Alitalia з Папам на борце прызямліўся ў міжнародным аэрапорце імя Анры Коанды ў Бухарэсце.

Дэвізам 30-й замежнай пілігрымкі Францішка з’яўляюцца словы: “Ідзём разам”. На працягу трох дзён, 31 мая - 2 чэрвеня 2019 г., Пантыфік наведае сталіцу краіны, Сумулеу-Чук, Блаж і Ясы.

Румынія стала 12-й посткамуністычнай краінай, у якую прыехаў Францішак. Ён быў у 6 дзяржавах, якія да пачатку 1990-х з’яўляліся часткай Савецкага Саюза : Арменіі, Азербайджане, Эстоніі, Грузіі, Літве і Латвіі, а таксама Албаніі, Босніі і Герцагавіне, Балгарыі, Паўночнай Македоніі, Польшчы.

Францішак прыбыў у Румынію праз 20 гадоў пасля пілігрымкі Яна Паўла II, які быў тут 7-9 мая 1999 г. Тады Наступнік св. Пятра ўпершыню ў гісторыі Касцёла прыбыў у краіну з праваслаўнай большасцю. У тыя дні Ян Павел ІІ сустрэўся з Патрыярхам Румынскай Праваслаўнай Царквы Феактыстам і членамі Святога Сінода, прысутнічаў на праваслаўнай Боскай літургіі пад старшынствам Патрыярха, а затым сам узначаліў св. Імшу, на якой быў Феактыст. Трэба адзначыць, што той візіт у Румынію адбыўся пасля некалькіх няўдалых спроб сустрэцца з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі.

31 мая 2019 г., перад тым як пакінуць Ватыкан, Францішак сустрэўся групай з 15 бяздомных румынскага паходжання, якія жывуць у Рыме. Яны завіталі ў Дом св. Марты – рэзідэнцыю Пантыфіка. Сваіх падапечных суправаджаў кардынал Конрад Краеўскі, Папскі элемазінарый.

Навіна ў фармаце аўдыё
31 мая 2019, 11:09