ҽ

Папа падчас сустрэчы з Прэзідэнтам Паўночнай Македоніі Папа падчас сустрэчы з Прэзідэнтам Паўночнай Македоніі 

Папа ў Паўночнай Македоніі: быць маяком міру і гасціннасці

Паўночная Македонія з’яўляецца мазаікай, у якой кожны элемент неабходны, падкрэсліў Папа ў звароце да прадстаўнікоў уладаў і грамадзянскай супольнасці краіны, а таксама дыпкорпуса.

Сустрэча адбылася 7 мая 2019 г. у Прэзідэнцкім палацы ў Скоп’е. Францішак заўважыў, што Наступнік св. Пятра ўпершыню наведвае Паўночную Македонію. Ён звярнуў увагу на багацце гістарычнай і культурнай спадчыны гэтай краіны, якое адлюстроўвае шматэтнічнае і шматрэлігійнае аблічча яе народа. Пантыфік параўнаў яго з мазаікай, у якой неабходным з’яўляецца кожны элемент.

Папа падтрымаў імкненне Паўночнай Македоніі да інтэграцыі ў Еўрапейскі Саюз. Ён заклікаў палітыкаў стаяць на абароне чалавечай годнасці і гарантаваць фундаментальныя правы чалавека.

Асаблівым чынам Святы Айцец адзначыў дапамогу, што Паўночная Македонія аказала мігрантам і бежанцам з Блізкага Усходу, якія ў 2015-2016 гг. праз яе тэрыторыю накіроўваліся на поўнач Еўропы. “Тэрміновая салідарнасць, якую вы праявілі да тых, хто тады апынуўся ў найбольш вострай патрэбе па прычыне страты многіх дарагіх людзей, дому, працы і радзімы, робіць вам гонар і кажа пра душу вашага народа, які, таксама зведваючы нястачу, прызнае ў салідарнасці і дзяленні дабротамі шлях кожнага сапраўднага развіцця”, - сказаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што адной з мэт яго падарожжа ў Паўночную Македонію з’яўляецца жаданне скласці даніну пашаны св. Маці Тэрэзы з Калькуты. Ён заклікаў палітычных і грамадскіх дзеячаў “працаваць з адказнасцю, адданасцю і надзеяй, каб сыны і дочкі гэтай зямлі, па яе прыкладзе, маглі пазнаваць і адкрываць пакліканне, якое Бог даў ім, а таксама ўзрастаць у ім”.

“Заклікаю вас з даверам крочыць па шляху, распачатым вамі, робячы вашу краіну маяком міру, гасціннасці і плённай інтэграцыі паміж культурамі, рэлігіямі і народамі. Дзякуючы тоеснасці і дынамізму свайго культурнага і грамадзянскага жыцця, яны могуць будаваць супольны лёс, адкрываючыся на багацці, носьбітамі якіх з’яўляюцца”, - сказаў Папа.

Пасля сустрэчы з паўночнамакедонскім істэблішментам Францішак накіраваўся ў Мемарыял Маці Тэрэзы з Калькуты, дзе прайшла малітоўная сустрэча, на якой прысутнічалі рэлігійнымі лідары краіны і бедныя.

Навіна ў фармаце аўдыё
07 мая 2019, 11:01