ҽ

2019-05-18-associazione-della-stampa-estera-i-1558175928357.JPG

Папа да журналістаў: карыстацца словам, як хірург скальпелем

Журналісты павінны ўлічваць моц слова, якім карыстаюцца, і працаваць згодна з праўдай і справядлівасцю, утрымліваючыся ад публікацыі неправераных навін, перакананы Францішак.

18 мая 2019 г., напярэдадні 53-га Сусветнага дня сацыяльнай камунікацыі, які будзе адзначацца 2 чэрвеня, Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю Асацыяцыі замежнай прэсы ў Італіі.

Каштоўнасць журналісцкай працы, па словах Папы, у тым, што яна спрыяе пошуку праўды, якая робіць людзей свабоднымі. Францішак пажадаў, каб сродкі камунікацыі служылі “інструментам для будаўніцтва, а не для разбурэння; для сустрэчы – не для сутычак; для дыялогу – не для маналогу; для накіроўвання – не для дэзарыентацыі; для ўзаемаразумення – не для ўвядзення ў зман; для шляху супакою – не для распаўсюджвання нянавісці; для таго, каб даць голас тым, хто яго не мае, а не для таго, каб служыць рупарам тым, хто крычыць галасней”.

Асноўным элементам журналісцкай прафесіі Францішак назваў пакорлівасць. Пакорлівае ўсведамленне абмежаванасці ўласных ведаў – вось што, на думку Папы, не дазваляе журналісту заставацца павярхоўным, задавольвацца першымі атрыманымі адказамі, стымуляваць стэрэатыпы, адмаўляцца ад руплівага пошуку праўды.

“[У час засілля непрыязных слоў, калі казаць дрэнна пра іншых і класіфікаваць людзей для многіх стала звычкай, трэба заўсёды памятаць, што кожная асоба надзелена недатыкальнай годнасцю.(...) У час, калі многія распаўсюджваюць фэйкавыя навіны, пакорлівасць не дае гандляваць сапсаванай ежай дэзінфармацыі, але заклікае прапаноўваць добры хлеб праўды]”

, - сказаў Папа.

Пакорлівыя журналісты – не пасрэдныя, але тыя, якія ўсведамляюць, што артыкулам, твітам, тэле- ці радыёперадачай могуць прычыніць шкоду бліжняму і нават цэлай супольнасці, калі пагрэбуюць уважлівасцю і скрупулёзнасцю, патлумачыў Святы Айцец. Пантыфік заклікаў супрацоўнікаў СМІ “карыстацца словам, як хірург карыстаецца скальпелем”.

Відэа-рэпартаж з сустрэчы

Нарэшце, “пакорлівы журналіст – гэта свабодны журналіст”, а свабода патрабуе адважнасці, дадаў Францішак. Ён заахвоціў сваіх гасцей “стаяць на баку ахвяр, тых, каго пераследуюць, на баку ізаляваных, адчужаных, дыскрымінаваных”. У той жа час, ён папрасіў не забываць, што ў свеце “існуе акіян дабра, які заслугоўвае таго, каб пра яго ведалі”, і заклікаў расказваць пра рэчаіснасць, пазбаўленую абыякавасці, дзе не ўцякаюць перад абліччам несправядлівасці, але працягваюць ціхмяна і маўкліва будаваць.

Развітваючыся з прадстаўнікамі Асацыяцыі замежнай прэсы ў Італіі, Францішак пажадаў ім “быць люстэркам, якое ўмее адлюстроўваць надзею”.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 мая 2019, 12:46