ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік да католікаў Балгарыі: быць будаўнікамі надзеі

“Божыя людзі – гэта тыя, якія навучыліся бачыць, адкрываць, давяраць сіле ўваскрасення і даваць ёй весці сябе”, - нагадаў Францішак каталіцкай супольнасці Балгарыі.

Святы Айцец сустрэўся з духавенствам і вернікамі балканскай краіны 6 мая 2019 г. падчас свайго візіту ў горад Ракаўскі. Ён заклікаў не скарацца перад цяжкасцямі і несправядлівасцю, але заўсёды рабіць першы крок і з крэатыўнасцю “сведчыць, што Любоў не памерла, а перамагла ўсе перашкоды”.

Францішак высока ацаніў дапамогу, якую балгарская каталіцкая супольнасць аказвае бежанцам. Ён нагадаў, што людзі, якія бачаць вачыма веры, не навешваюць ярлыкоў і не раздзяляюць людзей на годных і нягодных любові, а ствараюць умовы, каб усе маглі адчуваць сябе любімымі, “асабліва тыя, хто адчувае сябе забытым Богам, таму што быў забыты братамі”.

Папа заклікаў балгарскіх католікаў быць аптымістамі, “бо Пан заўсёды імкнецца адкрываць для ўсіх нас шляхі Уваскрасення”.

“[Як цудоўна, калі нашы супольнасці з’яўляюцца будаўнічым пляцоўкамі надзеі!]”

, - сцвердзіў ён.

Святы Айцец звярнуў увагу на важнасць парафіяльнай супольнасці, каб вучыцца бачыць і чуць як Езус. Парафія павінна быць домам, “дзе ў супольнай малітве і пры падтрымцы дарагіх людзей, заўсёды можна знайсці сілы, каб крочыць далей”, сказаў ён.

Францішак заклікаў да еднасці паміж духавенствам і свецкімі вернікамі.

“[Святар без свайго народу губляе тоеснасць, а народ без свайго пастыра можа згубіць адзінства]”

, - нагадаў Пантыфік.

“Павінна быць еднасць паміж пастырам, які падтрымлівае свой народ і змагаецца за яго, і народам, які падтрымлівае свайго пастыра і змагаецца за яго. Кожны прысвячае жыццё іншаму. Ніхто не можа жыць толькі для сябе. Мы жывём для іншых”, - дадаў ён.

Паводле Папы, важна “быць Касцёлам-сям’ёй-супольнасцю, што прымае, слухае, суправаджае, турбуецца пра іншых, адкрываючы сваё сапраўднае аблічча, якое з’яўляецца абліччам Маці”.

Святы Айцец пажадаў, каб Касцёл у Балгарыі быў з “расчыненымі дзвярыма”. Ён заклікаў, чэрпаючы прыклад са святых Кірыла і Мятода, з адвагай і крэатыўнасцю шукаць новыя спосабы, “каб канкрэтным і зразумелым чынам распавядаць людзям, асабліва моладзі, пра любоў Бога да нас”.

“Не стамляйцеся быць Касцёлам, які пасярод супярэчнасцей, пакут і беднасці, працягвае нараджаць дзяцей, у якіх гэта зямля мае патрэбу сёння, на пачатку ХХІ стагоддзя, адным вухам слухаючы Евангелле, а іншым – сэрца вашага народу”, - пажадаў Францішак балгарскай каталіцкай супольнасці.

Рэпартаж з сустрэчы Папы з католікамі Балгарыі
Навіна ў фармаце аўдыё
06 мая 2019, 15:50