ҽ

Папа на Імшы ў Міжнародны дзень мігранта. Ілюстрацыйнае фота Папа на Імшы ў Міжнародны дзень мігранта. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: Касцёл занепакоены ростам нацыяналізму

Касцёл занепакоены пашырэннем агрэсіўнага стаўлення да замежнікаў, асабліва мігрантаў, а таксама ростам нацыяналізму, адзначыў Францішак у звароце да членаў Папскай акадэміі сацыяльных навук.

2 мая 2019 г. Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння гэтай ватыканскай установы, якое было прысвечана праблеме новага нацыяналізму.

“Касцёл заўсёды заклікаў любіць уласны народ, радзіму, паважаць скарб розных культурных выразаў, звычаяў, традыцый, добрага ладу жыцця, укаранёных у народах. Адначасова Касцёл папярэджваў людзей, народы і ўрады адносна адхіленняў у гэтай прывязанасці, якія прыводзяць да адчужэння ці нянавісці да іншых людзей, ператвараюцца ў канфліктны нацыяналізм або нават расізм і антысемітызм”, - звярнуў увагу Папа.

Францішак нагадаў, што дзяржава, якая распальвае нацыяналістычныя пачуцці ў сваіх грамадзян, накіраваныя супраць іншых народаў, не выконвае місіі. Ён прыгадаў наступствы такога роду злоўжыванняў у Еўропе ў ХХ ст. Дзяржава павінна служыць людзям і іх еднасці, перакананы Папа.

Паводле Святога Айца, па тым, як дзяржава ставіцца да мігрантаў, можна судзіць аб яе стаўленні да чалавечай годнасці. “Мігрант не з’яўляецца пагрозай для культуры, звычаяў і каштоўнасцей краіны, якая яго прымае. Таксама і ён мае абавязак інтэграцыі ў народ, які яго прымае. Інтэгравацца не значыць асімілявацца, але падзяляць лад жыцця сваёй новай радзімы, застаючыся пры гэтым самім сабой, носьбітам уласнай біяграфічнай гісторыі. У такой сітуацыі мігрант можа ўспрымацца як нагода для ўзбагачэння народа, што яго прымае”, - лічыць Пантыфік.

Рэпартаж з аўдыенцыі для членаў Папскай акадэміі сацыяльных навук

Францішак нагадаў аб непрадуктыўнасці самаізаляцыі краін. “Агульнае дабро стала сусветным”, - сказаў Папа. Ён патлумачыў, што сёння існуе шмат праблем, якія краіны не могуць вырашыць самастойна, сярод іх – кліматычныя змены, новыя формы рабства, праблема міру.

Дапамагчы супрацьстаяць нацыяналістычным і імперыялістычным памкненням, на думку Пантыфіка, можа шматбаковасць. Гэты прынцып дапамагае пазбегнуць новых канфліктаў і не дапускае “эканамічнай і ідэалагічнай каланізацыі” з боку моцных краін.

Святы Айцец заклікаў членаў Папскай акадэміі сацыяльных навук “вывучаць працэсы, якія дапамогуць пераадолець падзелы паміж краінамі і прапануюць новыя шляхі супрацоўніцтва”. Ён запрасіў акадэмікаў да супрацоўніцтва ў пашырэнні ўсведамлення патрэбы абноўленай міжнароднай салідарнасці пры павазе да годнасці чалавека, да агульнага дабра, да планеты і да вышэйшай каштоўнасці, якой з’яўляецца мір.

Навіна ў фармаце аўдыё
02 мая 2019, 14:42