ҽ

Папа падчас прэс-канферэнцыі ў самалёце Папа падчас прэс-канферэнцыі ў самалёце 

Прэс-канферэнцыя Папы: хто будуе муры, становіцца іх вязнем

Барацьба з сексуальнымі злоўжываннямі ў Касцёле, праблема рэлігійнай свабоды, міграцыйны крызіс: гэта галоўныя тэмы прэс-канферэнцыі Папы. Яна прайшла 31 сакавіка 2019 г. падчас пералёту з Рабата.

Адказваючы на пытанне пра плёны візіту ў Марока, Францішак заўважыў, што “зараз бачныя кветкі, а плады з’явяцца пазней”. Ён падкрэсліў, што падчас двух апошніх падарожжаў – у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Марока – меў магчымасць шырока выказацца на такія тэмы, як мір, адзінства, братэрства.

Святы Айцец зазначыў, што падобныя сустрэчы не прымаюцца некаторымі фундаменталісцкімі групамі, якія ёсць у кожнай рэлігіі. Пантыфік рашуча асудзіў будаванне муроў і заклікаў узводзіць масты.

“[Муры перашкаджаюць камуканіцыі. Яны будуюцца, каб ізаляваць, а тыя, хто іх узводзіць, самі становяцца іх вязнямі]”

, - зазначыў Папа.

Адно з пытанняў тычылася канкрэтных плёнаў дыялогу. У якасці прыкладу Францішак узгадаў пра сумесны заклік адносна Іерусаліма, які падпісаў разам з каралём Марока Мухамедам VI. Паводле Святога Айца, гэта не быў учынак “уладаў Марока і Ватыкана”, але “веруючых братоў, якім балюча бачыць, што гэты Горад надзеі дагэтуль не з’яўляецца паўсюдным, як мы ўсе гэтага хочам: юдэі, мусульмане, хрысціяне”.

Журналіст французскага выдання “La Croix” спытаў Францішка пра магчымасць забеспячэння вызнаўцам ісламу пераходу ў хрысціянства ў мусульманскіх краінах. Папа заклікаў да цярплівасці, нагадаўшы, што і хрысціянства доўга ішло да прызнання права на рэлігійную свабоду.

У той жа час Пантыфік звярнуў увагу на сітуацыю ў некаторых традыцыйна хрысціянскіх краінах, у якіх урачы ці хрысціянскія бальніцы сустракаюцца з абмежаваннем свабоды сумлення ў пытаннях эўтаназіі ці абортаў.

“[Сёння нам, хрысціянам, пагражае тое, што некаторыя ўрады пазбавяць нас свабоды сумлення, а гэта першы крок у кірунку знішчэння свабоды веравызнання]”

, - зазначыў Папа.

Каментуючы сітуацыю французскага кардынала Філіпа Барбарэна, якога дыяцэзіяльная рада жадае канчаткова адхіліць ад кіравання архідыяцэзіяй Ліёна, Францішак заўважыў, што судовае рашэнне аб прызнанні яго вінаваным ва ўтойванні выпадкаў сексуальных злоўжыванняў, яшчэ не мае канчатковага характару. Папа нагадаў пра важнасць вернасці прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці. Ён нагадаў пра выпадак у Іспаніі, калі медыя пачалі лінчаваць святароў, але яны аказаліся невінаванымі ў тых злачынствах, у якіх абвінавачваліся. Пантыфік выказаў павагу да рашэння кардынала Барбарэна адыйсці ад кіравання архідыяцэзіяй да канчатковага судовага рашэння і даручыць гэту функцыю генеральнаму вікарыю.

Святы Айцец звярнуў увагу на важнасць духоўнай барацьбы з такім злом, як злоўжыванні адносна непаўналетніх. Ён запэўніў, што Касцёл хоча рабіць усё магчымае, каб пакласці канец гэтай ганебнай з’яве.

Адказваючы на пытанне пра католікаў, якія галасуюць за палітыкаў, адказных за суровую антыміграцыйную палітыку, Францішак заўважыў, што большасць з іх знаходзіцца пад уплывам страху, якім карыстаюцца папулісты. Папа заўважыў, што страх – гэта пачатак дыктатур і нагадаў гісторыю Германіі, дзе страх прывёў да выбрання Адольфа Гітлера. “Будзем вучыцца з гісторыі”, - заклікаў ён.

Паводле Святога Айца, краіны, якія гандлююць зброяй, што выкарыстоўвацца ў войнах, не могуць адмаўляцца прымаць мігрантаў і бежанцаў, якія ўцякаюць ад узброенных канфліктаў або беднасці і голаду – наступстваў войнаў.

Навіна ў фармаце аўдыё
01 красавіка 2019, 10:26