ҽ

Папа падчас сустрэчы з  дэлекацыяй Амерыканскага яўрэйскага камітэта Папа падчас сустрэчы з дэлекацыяй Амерыканскага яўрэйскага камітэта 

Папа: антысемітызм – абсалютная супярэчнасць хрысціянству

Мы пакліканы разам будаваць атмасферу дому, сям’і, выбіраючы Божую любоў, якая натхняе на павагу і ўсведамленне каштоўнасці веравызнання іншых людзей, упэўнены Святы Айцец.

Пра каштоўнасць яўрэйска-хрысціянскага дыялогу, ролю жанчын у будаўніцтве мірнага свету і важнасць разважлівага падыходу да адукацыі і выхавання будучых пакаленняў для прадухілення праяў антысемітызму і нянавісці ў грамадстве Францішак казаў 8 сакавіка 2019 г., падчас сустрэчы ў Ватыкане з дэлекацыяй Амерыканскага яўрэйскага камітэта.

Папа падкрэсліў “незаменны ўнёсак жанчыны ў будаўніцтва свету, які б служыў домам для ўсіх”. “Жанчына – тая, хто робіць прыгожым свет, ахоўвае і падтрымлівае ў ім жыццё. Яна нясе ў яго ласку, што абнаўляе рэчы, абдымкі, якія ахопліваюць, мужнасць поўнага прысвячэння сябе іншым. Супакой – гэта жанчына. Ён нараджаецца і адраджаецца з матчынай пяшчоты. Таму мара аб супакоі ажыццяўляецца, калі глядзім на жанчыну. (…) Калі марым пра будучыню супакою, трэба даць месца жанчыне”, - сказаў Францішак.

Пакуль жа ў свеце распаўсюджваюцца злосць, агрэсія і нянавісць, з хваляваннем заўважыў Папа і заклікаў не пакідаць без увагі антысеміцкія атакі, якія адбываюцца ў шэрагу краін.

“Для хрысціяніна любая форма антысемітызму прадстаўляе адмаўленне ад уласных каранёў, абсталютную супярэчнасць”, - адзначыў Святы Айцец і выказаў перакананне, што неабходна пераказваць дзецям усё тое, што складае аснову любові і павагі. “Мы павінны глядзець на свет вачыма маці, позіркам супакою”, - дадаў ён.

Па словах Францішка, у барацьбе супраць нянавісці і антысемітызму важным інструментам з’яўляецца міжрэлігійны дыялог, накіраваны на ўзмацненне намаганняў “на карысць міру, узаемапавагі, абароны жыцця, рэлігійнай свабоды, аховы наваколля”.

“Яўрэі і хрысціяне падзяляюць багатую духоўную спадчыну, якая дазваляе рабіць сумесна шмат добрых спраў”, - перакананы Пантыфік. Ён заўважыў, што ў час, “калі Захад адкрыты на сперсаналізаваны секулярызм”, менавіта на веруючых ускладаецца заданне супрацоўнічаць, каб рабіць больш бачнай Божую любоў да чалавецтва.

“У служэнні чалавецтву, як і ў нашым дыялогу я чакаю большага залучэння маладых людзей, якія прагнуць марыць, адкрытыя на адшуканне новых ідэалаў”, - сказаў Папа, падкрэсліўшы важнасць выхавання будучых пакаленняў у атмасферы яўрэйска-хрысціянскага дыялогу.

“Супольныя намаганні ў сферы адукацыі моладзі – гэта эфектыўны інструмент для супрацьстаяння жорсткасці і адкрыцця новых шляхоў міру”, - заключыў Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
08 сакавіка 2019, 13:02