ҽ

Кардынал Пьетра Паралін Кардынал Пьетра Паралін 

Кардынал Дзяржсакратар здзейсніў візіт у Албанію

Кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін здзейсніў візіт у Албанію, прымеркаваны да благаслаўлення вуглавога каменя каталіцкага шпіталя, які з’явіцца ў сталіцы гэтай балканскай краіны.

Бліжэйшы супрацоўнік Папы прыляцеў у Тырану вечарам 24 лютага 2019 г. На наступны дзень раніцай ён цэлебраваў св. Імшу разам з албанскімі біскупамі ў капліцы Апостальскай нунцыятуры, пасля якой абмеркаваў з іерархамі пытанні, што тычацца адносін Касцёла з дзяржавай, а таксама евангелізацыйнай і сацыяльнай дзейнасць мясцовай каталіцкай супольнасці. Падчас сустрэчы падкрэслівалася руплівасць шматлікіх албанскіх святароў і кансэкраваных асоб, якім нярэдка даводзіцца працаваць у сітуацыі вялікай нястачы.

Наступным пунктам праграмы падарожжа стала сустрэча кардынала Параліна з Прэзідэнтам Албаніі Ілірам Мэта. Гаворка ішла пра адносіны паміж Святым Пасадам і Албаніяй, шматрэлігійную рэальнасць краіны, якой характэрны дыялог і гармонія паміж канфесіямі, пра неабходнасць рэалізацыі некаторых артыкулаў Базавага пагаднення паміж бакамі, заключанага ў 2002 г. Уздымаліся пытанні, звязаныя з мірам і стабільнасцю ў рэгіёне, перспектывамі пашырэння Еўрапейскага Саюза на заходнія Балканы, а таксама патрэбай адпаведных адказаў на актуальныя сацыяльныя пытанні.

Кардынал Паралін сустрэўся таксама з Прэм’ер-міністрам Албаніі Эдзі Рама, які выступіў з прапановай культурнай ініцыятывы, якая б падкрэсліла векавыя адносіны паміж Святым Пасадам і Албаніяй.

Апошнім пунктам падарожжа Дзяржсакратара Яго Святасці стаў візіт у Каталіцкі ўніверсітэт у гонар Маці Божай Добрай Рады ў Тыране, на тэрыторыі якога будзе пабудаваны аднайменны каталіцкі шпіталь. Ён будзе звязаны з медыцынскім факультэтам навучальнай установы. Кардынал Паралін благаславіў вуглавы камень будучай медыцынскай структуры падчас урачыстай цырымоніі з удзелам кіраўніка дзяржавы, мясцовых каталіцкіх іерархаў, прадстаўнікоў іншых веравызнанняў.

Ідэя адкрыцця каталіцкага шпіталя ў Тыране нарадзілася 26 гадоў таму, калі албанскія ўлады падпісалі адмысловае пагадненне з Каталіцкім Касцёлам. На гэтай цырымоніі прысутнічала св. Маці Тэрэза, адным з жаданняў якой было ўзнікненне касцёльнай медыцынскай структуры ў сталіцы яе роднай краіны.

Навіна ў фармаце аўдыё
05 сакавіка 2019, 13:54